Г а л о ў н а я  
  Т в о р ы  
  А р т ы к у л ы  
  Ф о т а  

На сцяжыне жыцця

Дзверы былі старыя, высокія і цяжкія. Адчыніўшыся нават на вузенькую шчылінку, яны незадаволена, спаважна рыпелі: «хр-р-р-р-ы-іп» — быццам пратэставалі супраць парушэння іх старэчага лянотнага спакою. Фрузына некалі змазвала іх адмысловыя паржавелыя завесы, але дзверы, счакаўшы дзень-другі, зноў упарта пачыналі свой надакучлівы хрып. I яна спакваля прывыкла да гэтага іх голасу, таксама, як і да выгінастых медных ручак-поручняў, за якія было няспрытна брацца, як і да сваіх нескладаных абавязкаў вахцёркі. Дый дзіва было не прывыкнуць, калі мінуў ужо шосты год, як упершыню села яна за невысокай фанернай перагародкай у куце ля дзвюх доўгіх вешалак ды толькі і ведала — глядзець, каб хто не вынес з будынка які ўстаноўскі набытак.
Два разы ў дзень — уранку і ўвечары — таропка тупаючы па прыступках на ганку і ў вестыбюлі, адзін за адным яе міналі супрацоўнікі ўстановы — занятыя справамі, заклапочаныя, сур'ёзныя людзі. Яна ведала ўсіх і, нават заплюшчыўшы вочы, магла ўгадаць кожнага па яго кроках, па тым, як ён адчыняў ці зачыняў дзверы або ішоў па лесвіцы. З'яўленне дырэктара Івана Кузьміча Фрузына пазнавала па яго аўтамабілю, які заўсёды раптоўна паяўляўся за акном насупроць ўстановы. Яна чула кароткі пошчак дзверцаў машыны, а затым праз нейкі час з працяжным асаблівым скрыпам адчыняліся вялікія дзверы і ўваходзіў ён. Ён быў вялізны, тоўсты і надзьмуты з твару, яго вельмі паважалі ўсе, а Фрузына баялася і таму першая казала «дзень добры». Іван Кузьміч чамусьці заўсёды незадаволена падціскаў ніжнюю губу і толькі адным ледзь прыкметным рухам правага брыва адказваў на яе прывітанне.
Пяць год узапар па два разы ў дзень Фрузына бачыла яго толькі такім, інакшым яго не ўяўляла — ён быў для яе загадкавы і далёкі.
Гэткім жа далёкім і незразумелым быў яшчэ таварыш Петрачэнкаў — вельмі худы, жоўты і надзвычай старанна апрануты чалавек. Фрузыне часам здавалася, што, апроч як выстаўляць напаказ свае адмысловай прыгажосці гарнітуры, паліто і паўпальткі, ён не меў інакшых абавязкаў у жыцці. Паводзячы сюды-туды маленькай лабастай галавою, Петрачэнкаў праз тоўстыя шкельцы акуляраў усё аглядаў свае плечы, рукавы, грудзі і тонкімі худымі пальцамі страсаў нябачныя парушынкі. Заўсёды ён быў заняты сабою, болей амаль нікога не прыкмячаў і рэдка калі вітаўся з Фрузынай.
Жанчын ва ўстанове працавала нямнога, і сярод іх самай прыкметнай была Нонка, маладая жонка немаладога і несімпатычнага намесніка дырэктара Дубчанкі. Зранку, калі пачыналі рыпаць дзверы, яна чутна была яшчэ здалёк, яшчэ з вуліцы, калі, дробна тупаючы абцасікамі па шматлікіх прыступках, узбягала на ганак. Маладзіца ўмела спрытна шмыгнуць у дзверы, здаецца, амаль не расчыняючы іх, заўсёды спазнялася, заўсёды спяшалася, але ніколі не прамінала ветліва ўсміхнуцца вахцёрцы. Фрузына з прытоеным замілаваннем глядзела ўслед: Нонка падабалася ёй, падабалася, як малодшая сястра, як прывабная і недасяжная жаночая прыгажосць.
Яшчэ нешта прыхільнае ў сэрцы вахцёркі было да інжынера Шаўрова — простага, вясёлага і гаваркога чалавека. Зранку ў гэтым вестыбюлі ён звычайна з'яўляўся першы, бо жыў тут недалёка, за рагом ля аўтобуснага прыпынку. Па-гаспадарску прыстукнуўшы дзвярыма і выціраючы аб дарожку падэшвы, ён жартоўна кідаў жанчыне:
— Прывет, Фруза! Як жысць маладая?
Яна стрымана ўсміхалася, сарамліва, па-дзявочы азірала яго паўнаватую, у шэрым гарнітуры, постаць і апускала вочы. Здавалася Фрузыне, што інжынер бачыў у ёй нешта патаемнае, захаванае, у чым яна неахвотна прызнавалася нават самой сабе, і ад таго ёй рабілася няёмка.
— Не смуткуй вельмі — не бяда. Вось падшукаем табе жаніха, адгрукаем вяселле, і будзеш жыць-пажываць ды дзяцей нажываць, — казаў ён, узбягаючы па прыступках, азіраючыся і заўзята смеючыся шэрымі жвавымі вачыма.
Фрузына апускала вочы, разгладжвала на каленях спадніцу, а потым уздыхала і доўга пазірала ў акно.
Яна была адзінокая, працавітая жанчына, што не зведала ні ласкі, ні якой блізкай чалавечай спагады ў жыцці. Адзінай даступнай для яе радасцю была радасць працы. Яна працавала з маленства, як толькі начала памятаць сябе, а можа, нават і раней. Няньчыла братоў і сястрычак, пасвіла жывёлу, пасля жала, касіла, арала, секла дровы. У маладосці яна магла падняць шасціпудовы мех збожжа, усцягнуць на зруб бервяно, забратаць бадлівага быка. Праца зрабіла яе моцнай, каржакаватай, засцерагала ад хворасці, загартавала да нягодаў жыцця, але жаночай прывабнасці, таго нечага патрэбнага і незаменнага, што вабіць мужчын, у яе, відаць, не было. Міналі гады, яе сяброўкі павыходзілі замуж, мелі дзяцей, а яна ўсё заставалася ў дзеўках і пакрысе старэла.
Адзінокае жыццё прывучыла яе многа думаць, пільна прыглядацца да людскіх адносін і спраў. Часта ёй здавалася, што людзі бываюць несправядлівыя да саміх сябе, не цэняць, не бачаць тое вялікае ў жыцці, што так цаніла і чаго доўгія гады прагнула яна.
З ёй разам працавала вахцёркай Драздова — сярдзітая, знерваваная, абсыпаная дзецьмі нестарая яшчэ кабета. Заўжды яна была незадаволеная, раздражненая, лаяла ўвесь свет і асабліва свайго мужа Арцёма, маўклівага падатлівага цесляра з будтрэста. Зрэшты, гэтак жа груба ставілася яна і да дзяцей — усё крычала і скардзілася, што гэтая сям'я спарахніла яе маладосць. Фрузына, бываючы часам ва ўстанове ў яе дзяжурства, моўчкі без спачування слухала яе нараканні на шматлікія турботы жыцця і думала, што гэтая жанчына проста не бачыць свайго вялікага неацэннага шчасця. Нават маленькая частачка з таго, што гэтак дапякала Драздовай, магла б ашчаслівіць Фрузыну. Яна ніколі не лаяла б мужа за тое, што той з палучкі прапіў з таварышамі якую дзесятку, што ён шмат курыць ці часам запозніцца з працы. Яна не сварылася б на дзяцей, маленькіх пяці-сямігадовых карапузаў, калі тыя, несучы маці на працу сняданак, зазяваюцца на вуліцах і астудзяць ежу. Яна вельмі б даражыла гэтым ціхім маленькім шчасцем, калі б толькі яно было ў яе. Але ішлі гады, і ніхто яшчэ не сказаў ёй ніводнага слова пяшчоты, усе былі заняты сваімі справамі, сем'ямі, і радасць толькі мроілася ў яе далёкіх, недасяжных марах.
Яна часта казала людзям і самой сабе: кожнаму сваё, што каму на раду напісана, таго не мінеш. I яна пакрысе прывыкла да адзінокага лёсу немаладой бабылкі, цешыла сябе людскім шчасцем, радавалася чужой радасцю і бедавала з чужых бедаў. Свайго — ні добрага, ні благога, ні асаблівых трывог — у яе не было.
Так яна пражыла б да канца сваіх дзён, каб не тыя акалічнасці лёсу, што нарыхтавалі нечаканы паварот на яе сцяжыне жыцця.
Аднойчы ўжо глыбокай снежнай зімою, седзячы ля тых вялікіх дзвярэй, яна запрыкмеціла, як у адным месцы рассохліся старыя філёнкі, утварылася шчыліна, у якую прадзімае вецер. Жанчына прыбрала з прыпола клубок з недавязанай рукавіцай і праз чорны ход пад лесвіцай выйшла на панадворак. Тут быў гараж, у вялізных адчыненых варотах стаялі машыны, і Фрузына хацела ўбачыць каго са знаёмых шафёраў, каб папрасіць пакулля.
Аднак знаёмых нідзе не было. Параскіданыя ля гаража на ўтаптаным, заплямленым снезе валяліся цяжкія скаты, скрынкі, бочкі. Гарластая шаферская братва падалася, відаць, у сталоўку, толькі ў апошніх дзвярах чуўся бразгат жалеза. Схаваўшы ў кішэнькі ватоўкі астылыя на марозе рукі, Фрузына нясмела падышла да гэтых дзвярэй і спынілася. У машыне з задраным угору капотам, перагнуўшыся цераз радыятар, калупаўся незнаёмы, нядаўна прыняты на працу шафёр, і яна звярнулася да яго з нясмелай сваёй просьбай.
Шафёр не адразу адказаў ёй, спярша прыкруціў у маторы нейкую трубку, пасля выпрастаўся, узняў да яё немалады ўжо, не дужа часта голены, замурзаны твар, выцер ватнім рукавом успацелы лоб і спытаўся:
— Гэта куды? А, да дзвярэй. А што, некаму паправіць? А заўхоз дзе?
Ён казаў гэта грубавата, як чалавек, якому замінаюць, у якога безліч сваіх пільных спраў, і яна ўжо пашкадавала, што звярнулася да гэтага малазнаёмага шафёра. Але затым ён саскочыў з высокага буфера, узяў нешта ў кабіне і, упэўнена ступаючы шырокімі падэшвамі падшытых валёнак, накіраваўся ў будынак.
— Ану, дзе, паказвай.
Яна наказала тое месца, шафёр, усё нічога не гаворачы, нешта прыстукнуў, нешта прыціснуў, забіў цвік і напаследак грукнуў кулаком у счарнелыя філёнкі.
— Ну вось, парадак. Цяпер не прадзьме.
Яна стала дзякаваць яму, ды за адным разам паскардзілася, што пад акном падцякае батарэя, надакучыла ўжо выціраць анучай, што колькі ўжо прасіла заўхоза, але таму не даходзіць, усё болей швэндаецца па піўных, без ста грамаў не падступішся. Дастаючы закурку, шафёр слухаў, глядзеў на яе сур'ёзным няласкавым позіркам і, зацягнуўшыся разы два, паабяцаў:
— Ладна, паправім. Цяпер няма калі, а пасля абеду папраўлю. Напомніш, цётка.
Напаследак ён, здаецца, усміхнуўся ледзь-ледзь, аднымі толькі куточкамі вачэй і, пакінуўшы ў вестыбюлі моцны, непрывычны тут пах махоркі, выйшаў. Ёй чамусьці адразу зрабілася вельмі самотна адной і захацелася яшчэ зірнуць у акно, як ён, няспешна тупаючы па снезе, ішоў да сваёй машыны.
Батарэю ён адрамантаваў, праўда, не пасля абеду, а на другі дзень і зноў, закурваючы, спыніўся ля Фрузыны, пазіраючы, як спрытна мільгаюць у яе руках сталёвыя пруткі і ўвачавідкі даўжэе, расце рукавіца.
— Ладныя рукавіцы будуць, — сказаў ён і, злёгку ўсміхаючыся, з цыгаркай у руцэ, быццам ад сцюжы, пацёр свае шырокія парэпаныя далоні.
Фрузына вязала рукавіцы на рынак, дзе патроху прадавала ў нядзелю, і цяпер адчула, што за ягоны клопат нечым абавязана гэтаму чалавеку.
— А што, падабаюцца? — спытала яна і нясмела ўзняла вочы. — Можа, звязаць вам, калі не маеце?
— Не, дзякуй, — сказаў шафёр. — Што толку з іх — на адзін рэйс. Каб тут якія скураныя і то — на тыдзень, не болей.
Яны зноў разышліся, і зноў Фрузыне стала ніякавата адной — хацелася яшчэ пагаманіць з гэтым зважлівым чалавекам, але жанчына ведала, што яна нецікавая, дык ці будзе ён бавіцца з ёю?
Можа, праз тыдзень ці болей пасля гэтай размовы Фрузына ўжо ўпрыцемкі вярталася з працы дадому. Яна жыла на самым ускрайку горада, ля шашы, у цесным кутнім пакойчыку дашчанага, пракуранага вугальным дымам барака. Каб дабрацца сюды з цэнтра, ад яе ўстановы, трэба было, два разы перасаджваючыся, ехаць аж на трох аўтобусах, а пасля яшчэ з кіламетр абходзіць пустку. Зімой, праўда, можна было сцяжынкай перайсці цераз роў з замёрзлаю ручаінай і такім чынам зрэзаць добры крук дарогі.
Яна ўжо выбралася з рова, выйшла на агароды і набліжалася да шашы, цесна атуленай дамамі гэтай ускраіннай вуліцы.
Тым часам добра сцямнела, чорнае, без зорак неба мяккім змрочным полагам вісела ўгары, на снезе, у нясмелых паўзмроках чарнелі навокал будынкі, дрэвы, невыразныя плямы зямлі. Снег быў мяккі, мароз адпусціў нанач, бралася на адлігу, і было золка.
Жанчына зранку не была дома і цяпер спяшалася — на сконе дня прывычна вабіла хатняе цяпло, спакой і адпачынак. У кірзавай чорнай сумцы яна несла з сабою небагаты харч — хлеб, селядзец, кілаграм круп і ўсё гадала, каб як абысціся гэтым якіх два ці тры дні і зэканоміць на дровы.
На шашы яе асляпіла святлом фараў, абдало грукатам і лязгам імклівых аўтамабіляў. Якраз у тым месцы, дзе яна заўсёды зварочвала з дарогі на сцяжынку да свайго дома, нерухома стаяла машына. Фрузына не стала звяртаць на яе асаблівай увагі — ці мала машын спыняецца на шашы — пастаяць, шафёры зробяць што трэба і паедуць далей. Жанчына ўвайшла ў сенцы, намацала ў кішэні ватоўкі ключ, адамкнула дзверы. У пакойчыку было холадна — ужо два дні яна не паліла грубкі, пахла нечым неабжытым і пакінутым. Чагосьці тут не хапала ў гэтай кватэры, хоць і было ўсё прыбрана — і вузкі ложак з высока падбітай падушкай і лебедзямі на танным дыванку на сцяне, і вымытая падлога, засланая наўскасяк палавічком, і накрыты марляю посуд на невялічкім століку. Яна прыслухалася — суседзяў штось не чуваць было. Распрануўшыся, жанчына адчула холад і падумала, што трэба было б прапаліць у грубцы, каб былі насечаны дровы.
У гэты час у дзверы пастукалі.
Да яе рэдка калі хто заходзіў, і кожны раз на стук Фрузына насцярожвалася. Але не паспела яна што адказаць, як дзверы адчыніліся і ў пакой увайшоў апрануты ў паўшубак чалавек. Не зважаючы на зіму, ён быў увесь расхлістаны — і паўшубак, і кашуля, і шапка, ссунутая на патыліцу, з рота вырывалася бачная на холадзе пара. Яна адразу пазнала — гэта быў яе нядаўні знаёмец, іх шафер. Прыжмурыўшыся ад яркага святла, ён пераступіў з нагі на нагу і, відаць, не пазнаючы жанчыны, загаварыў:
— Добры вечар, гаспадыня. Ці не паможаце ў бядзе, так сказаць? Ліха на яе, машына занаравілася — аднаму не справіцца.
Фрузына ўжо развязала хусцінку, але зноў чамусьці пачала закручваць на шыі рагі, пазірала на чалавека, як ён не дужа ёмка таптаўся ля парога, і сэрца жанчыны ў нейкім недарэчным прадчуванні хутчэй затукала ў грудзях.
— А што здарылася? — як мага спакайней спыталася Фрузына.
— Э, — здзівіўся шафер, прыгледзеўшыся і толькі цяпер пазнаючы яе. — Гэта вы? Тут жывяце?
— Ды тут. Вось прыйшла толькі.
— А я гляджу — святло загарэлася, думаю, дай пастукаю, — казаў ён ужо больш упэўнена і з прыкметнай іскрынкай радасці ў голасе. Адталымі пляскатымі валёнкамі прагінаючы маснічыны, ён адышоў ад парога.
— Чорт бы яе ўзяў, шафёрскую долю. У Мінск ездзіў учора, праз ноч туды, цяпер адтуль і вось не дацягнуў -кандэнсатар прабіла. А тут адзін, машыну не кінеш і завесці нельга — хоць плач. Можа б, вы паглядзелі, каб не чапаў хто? Ці, можа, у гараж падскочылі б, там у хлопцаў ёсць запасныя. А то проста бяда...
Яна, усё яшчэ недарэчна хвалюючыся, запрашала шафёра прысесці, пагрэцца, казала нешта пра холад у пакоі — не паспела насекчы дроў, а сама тым часам апранала ватоўку, гатовая ўслужыць чалавеку.
— Што ж, калі трэба, дык трэба. Я хутка, аўтобусам. Але як яе, гэтую частку?
— Кандэнсатар, там у Змітрукова ці ў Цярэшчанкі спытаеш — дадуць, — казаў ён, выпраўляючыся за ёю. — Я і сам збегаў бы, ды груз у машыне, на шашы ўсё ж.
У яго голасе чулася вінаватасць за тое, што турбуе, ён збіраўся выйсці следам, але яна запрапанавала:
— А вы нішто, не турбуйцеся. Пагрэйцеся тут. Калі што, дык у акно відаць.
Ён падзякаваў і застаўся, стомлена апусціўшыся на лаўку ля акна, а яна, на хаду зашпільваючыся, падалася ў горад — трэба было спяшацца, каб не зачынілі гараж.
Кандэнсатар Фрузына адразу ж дабыла ў Змітрукова, ён аказаўся маленькай лёгкай штуковінай, але часу на абодва канцы шляху ўсё ж мінула нямала. Калі яна зноў адчыніла свае дзверы, святло ў пакоі было выключана, пэўна, каб лепей бачыць у акно. У расчыненай грубцы, пырскаючы іскрамі, трашчалі сукаватыя смалякі, што нерассечаныя гады два валяліся на панадворку, а побач, на табурэтцы, змораны, аблакаціўшыся на шырока расстаўленыя калені, драмаў шафёр. Ён не варухнуўся на стук дзвярэй і, звесіўшы долу заблытаныя валасы, ціхенька і мерна высвістваў носам.
Фрузына паклала на стол кандэнсатар, зняла ватоўку, стараючыся не нарабіць шуму; пацерла густа запацелую шыбу, каб бачыць машыну, і прысела на лаўцы.
Невядома, колькі мінула часу, а шафёр усё драмаў. Дровы ў печцы спакваля дагарэлі, пакінуўшы груду зіхатлівага вуголля. На сцяне пад столлю варушыліся густа-барвовыя водбліскі; схіленую голаў, плячо і рукаў чалавека заліло гарачай мігатлівай чырванню. Ад грубкі на ўвесь кут і паўстолі нерухома падаў вялізны раскідзісты цень чалавека.
Раз-пораз пазіраючы праз акно на шашу і на гэтага здарожанага чалавека, жанчына пакрысе пранікалася ціхай жаласлівай спагадай да яго нялёгкага турботнага жыцця. Тая спагада ўсё глыбей і глыбей пранікала ў яе ўзрушаныя пачуцці, шырылася недзе ў душы, паступова перарастаючы ў лагодную пяшчоту. Усчалася і прывычная шчымлівая самота па сваім няўтульным, неўладкаваным жыцці, паціху ўваскрасала былая паўзабытая прагнасць жаданага чалавечага цяпла. Але Фрузына, як магла, усё стрымлівала, глушыла ў сабе тыя няясныя адчуванні, толькі ціхенька ўздыхала, баючыся патрывожыць шафёра.
Праз нейкі час ён, аднак, схамянуўся, глыбока ўздыхнуў і здзіўлена агледзеўся.
— О, ты ўжо? — прамовіў ён і ўзняўся. — Ну што?
— Вось прынесла, — сказала яна, устаючы з лаўкі і падаючы яму кандэнсатар. Але ён, відаць, адпачыў зусім мала і, яшчэ не прачнуўшыся як след, пазяхаючы і пацягваючыся, зноў сеў на табурэт.
— Ага, во добра... Ну дзякуй. А што гэта нікога не чуваць, ці ты адна жывеш?
— Ды ўжо ж, адна, — адказала яна і ўздыхнула.
— А дзе ж твой... муж? — паволі вызваляючыся ад санлівай знямогі, пытаўся чалавек. — Ці не было?
— Не было, ага, — пацвердзіла Фрузына.
Пасля яна таксама прысела на лаўку насупроць яго і раптам адчула сябе слабай, маленькай і нават у нечым вінаватай ад гэтай стрыманай мужчынскай цікаўнасці.
Ён трохі памаўчаў, аб нечым задумаўшыся, жанчына ўсё пазірала на яго, ледзь прыкметнага ў прыцемках дагарэлай грубкі, быццам чакала яго.
— Адной кепска, — сказаў ён, счакаўшы. — Цяжка адной... Гэта я ведаю...
Ён пачаў закурваць, прыпаліў паперкай ад вуголля, асвяціўшы на момант зашчацінены, зусім не прывабны, але добры, спагадлівы твар, а яна сядзела, стаіўшыся, ля акна і, бы злоўленая на якой несумленнай справе, баялася паварушыцца.
Накурыўшыся, ён кінуў у печ недакурак, падышоў да яе, стрымана і далікатна дакрануўся да яе пляча сваей заскарузлай далонню і пагладзіў:
— Цяжка адной, толькі што зробіш... Ну, не бядуй! Дзякуй за турботы... Так.
Калі ён выйшаў, Фрузына, не зашчэпліваючы за ім дзвярэй, таропка павярнулася да акна, прыціснулася лбом да запацелай шыбіны і доўга пазірала, як ён там поркаўся ў маторы, бразгаў капотам, тупаў ля машыны. Яна нічога не думала, не выцірала слёз, што няпрошаныя і нястрыманыя паціху каціліся па шчоках, толькі глядзела ў прыцемкі ночы і не магла ўжо заглушыць роспачнай трывогі ў сваёй душы.
З таго зімовага вечара Фрузына стала яшчэ болей маркотная. Часта ўздыхала на дзяжурстве, радзей усміхалася на жарты інжынера Шаўрова, часцей выходзіла на панадворак, дзе часам сустракала яго. Калі-нікалі, завіхаючыся ля машыны, ён кідаў ей некалькі звычайных малазначных слоў, але — чула яна — ставіўся добразычліва і ветліва, зусім не так, як другія зубаскалы-шафёры. Ей хацелася запытаць гэтага чалавека пра яго жыццё — адчувала жанчына, што і ён не вельмі шчаслівы, што добры і нечага лепшага ў жыцці хацелася яму. Яна ўжо ведала яго прозвішча — Пархомаў — ведала, што ён з Баранавіч, але ці сямейны, ці не — было невядома.
Так у маўклівай жаночай тузе мінула зіма і наступіў першы месяц вясны — сакавік. Снег на вуліцах растаў, рэшткі яго вывезлі на машынах за горад; удзень з дахаў, гулка лопаючы аб асфальт, падалі рэдкія цяжкія кроплі. У парках і за горадам, праўда, было яшчэ снежна, але з кожным сонечным днём усё шырэлі, злучаліся адна з адной праталіны, наліваліся пупышкі лазы і вербаў.
У жаночы дзень — 8 Сакавіка Фрузыне якраз быў выхадны, і яна, прыбраўшы зранку ў пакоі, узялася перашываць свой стары шарсцяны сарафан. Звычайна яна любіла такую работу, любіла прымерваць, прыкідваць, каб зрабіць што як мага танней і лепей. З гэткім жа стараннем яна ўзялася і цяпер, але спакваля неяк цікавасць да работы пачала знікаць. У думках усё часцей з'яўляўся Пархомаў, усё думалася, што ён за чалавек, чаму так уважліва, не як другія, паставіўся да яе, што ў яго самога на сэрцы? Час ад часу жанчына ўздыхала, апускала на калені шыццё і затуманеным зрокам доўга пазірала ў чыстае сонечнае акно на шашу, дзе некалі зімой ён ладзіў машыну. Чамусьці ёй усё болей і болей хацелася зноў убачыць яго, пачуць яго спагадлівы разважны голас. Часам, схамянуўшыся, Фрузына лаяла сябе за недарэчныя мары, палохала тым, што, можа, у яго — сям'я, дзеці. Урэшце, колькі ёсць і маладзейшых, і прыгажэйшых, а яна — саракагадовая баба,— ні хараства, ні шчасця — навошта каму такая? Але звыклае імкненне да яго ўзгаралася з новай сілай, і яна ўсё пазірала ў акно, трывожылася, хацела саўладаць з трапяткім сэрцам ды не магла.
Урэшце перад змярканнем яна трохі адагнала ад сябе свае неспакойныя летуценні, начала думаць аб іншым — аб людзях іхняй установы — трошкі ганарыстых, але ніштаватых супрацоўніках, аб простых, часам языкастых, але няшкодных шафёрах, прыбіральшчыцах, вахцёрах. Успомнілася, што чагосьці радзей стала смяяцца Нонка — мусіць, нешта не ладзіцца ў яе замустве; усплыло ў памяці, як апавядала Драздова пра сваю сварку з мужам; прыгадалася, як узімку хварэў на нейкі цяжкі грып Петрачэнкаў і як усе клапаціліся і непакоіліся аб ім.
I вось у такую хвіліну ўспамінаў-роздумаў, адкусваючы нітку, яна незнарок зірнула ў акно і спалохана здрыганулася. Ад шашы сцяжынкай да барака ішоў Пархомаў.
Ён, відаць, раней яшчэ прыкмеціў яе ля акна і цяпер здалёк усміхаўся. У руках яго і пад пахай былі папяровыя скруткі. На ім непрывычна тапырыўся добры чорны гарнітур, неяк зухавата прыткнулася на галаве чыстая шэрая кепка. Фрузына вельмі спалохалася, кінулася да дзвярэй, пасля — да стала, скамячыла кавалкі тканіны, кінула іх на ложак, а пасля перахавала пад лаўку. Яна зусім разгубілася, а ён ужо стукаў у дзверы. Фрузына нічога не адказвала на гэты стук, толькі шаптала роспачнае «ай Божачка!», а ён усё ветліва пастукваў і чакаў дазволу ўвайсці.
Трохі счакаўшы, яна сцяміла, што трэба сустракаць госця, і, прыдушыўшы ў сабе сарамлівую збянтэжанасць, адчыніла дзверы. Ён з усмешкай зірнуў на яе, далікатна пераступіў парог, зняў кепку і пачаў старанна выціраць аб палавічок забруджаныя чаравікі.
— Дзень добры, гаспадынька. Са святам! З жаночым днём! Вось здумаў, што адна, прыйшоў павіншаваць, бо я таксама адзін...
Яна, усе яшчэ бянтэжачыся, запрашала яго садзіцца, падстаўляла табурэтку, тупала сюды-туды. Ён, перш чым сесці, паклаў пакункі, выняў з кішэні бутэльку гарэлкі, паставіў на стол. Фрузына здзівілася і спалохалася, не ведаючы, навошта гэта і што яно можа азначаць, але прыкінулася, што не заўважае тае незвычайнасці, і дрыжачымі ад хвалявання рукамі круціла рагі хусцінкі.
Ён быў нязвыкла прыбраны — пры гальштуку, паголены, нейкі вясёлы, не падобны на будзённага, запэцканага і сур'ёзнага Пархомава. Ці то з прычыны сваей прыўзнятасці, ці мо разумеючы стан гаспадыні, ён ні аб чым не пытаўся, а ўсё гаварыў сам.
— Думаю, што будзе жанчына адна марнець у гэткае свята? Дай, думаю, з'езджу, добра, недалёка.
— Ого, недалёка, — упершыню ўсміхнулася яна, не ведаючы, куды дзець свае вялікія нязграбныя рукі.
— А якое там далёка? Тры-чатыры кіламетры — не адлегласць для чалавека, так сказаць, аўта-фота-мота. Ну, як ты тут жывеш? — спытаўся ён і агледзеў пакойчык. — Што, цячэ? — кіўнуў ён на мокрую пляму ў столі. — Рамонту дабівацца трэба, а то што ж гэта такое — жаночае свята, а ў жанчыны дах працякае. А можа, проста дзірка, трэ паглядзець. Э, ды і падлога тут рук просіць. Пераслаць бы, калі яшчэ лагі не згнілі, а то што ж?
Ён закурыў, па-гаспадарску расклаўшы на стале курэцкія прылады — блішчасты партабак з папяросамі, запалкі. У пакоі прыемна запахла духмяным дымком добрых папярос, і ад гэтага паху Фрузыне чамусьці стала лягчэй і весялей на душы. Яна ўжо перамагла ў сабе першае замяшанне, зразумела ўсё, што трэба было ёй рабіць, і, счакаўшы колькі хвілін, пачала даставаць са стала сякі-такі посуд.
Пархомаў ахвотна апавядаў пра свае шафёрскія справы, пра парадкі ў гаражы, а яна па-маладому лёгка завіхалася ля стала — дастала гуркоў, дробнымі кольцамі парэзала каўбасу з пакунка, абчысціла селядца. Да гарэлкі, аднак, яна не дакранулася, бутэлька ўсё стаяла, дзе была пастаўлена. Фрузына расставіла талеркі, напаследак дастала шклянку і невялічкі кілішак. Пархомаў добра не адмытымі ад мазуты пальцамі ўзяў кілішак, пакруціў у руках, незадаволена адставіў убок.
— А што ж гэта? Хіба большай няма?
— Няма, — схлусіла яна, зноў прысоўваючы кілішак. Ён з жартоўнай падазронасцю зірнуў на яе і ўзяўся за бутэльку.
— Ну што ж, давай адзначым жаночае свята. Сядай, чаго там, — запрасіў ён. Яна паслухмяна і няўпэўнена, бы ў гасцях у чужой хаце, прысела на лаўку.
Яны выпілі — ён паўшклянкі, яна са свайго кілішка. Пархомаў пачаў апетытна закусваць селядцом, яна таксама ўзяла кольца агурка і паціху жавала. Першы кілішак узняў у ёй цэлы рой добрых, імклівых пачуццяў, адразу стала радасна і светла, але яна хавала гэта ў сабе і толькі ўсміхалася. Ён ветліва падсоўваў ёй талерку з каўбасой і, быццам яна была яго госцяй, запрашаў:
— Ты еш, каўбаса смачная, маскоўская, самы раз: не цвёрдая, і сала ўвакурат.
Пасля яны выпілі яшчэ...
Ніколі ў жыцці ёй не было так хораша і па-маладому весела. Пархомаў добра еў; аж пачырванеў з твару ад выпітага і з'едзенага і з нейкай лёгкай сяброўскай шчырасцю абыходзіўся з ёю. Ён нешта гаварыў і гаварыў усё, але яна дрэнна ўнікала ў сэнс яго слоў. Яна ўся аддалася ва ўладу сваіх пачуццяў — ціхага шчасця ад прывабнай цеплыні блізкай чалавечай душы.
Урэшце, відаць, наеўшыся і напіўшыся, Пархомаў адсунуў ад сябе талеркі, адчыніў партабак. Яна, поўная замілавання да гэтага чалавека, усё пазірала на яго памаладзелы ўпарты твар, які заставаўся па-ранейшаму разважны і цвярозы, быццам гарэлка не мела ніякай улады над ім. А Пархомаў, смачна зацягнуўшыся, падсунуў лаўку бліжэй да яе табурэткі і раптам проста, упэўнена, але зусім не груба і не абразліва прыгарнуў яе да сябе.
I яна не вырывалася, не супраціўлялася, не аднеквалася, яна, як да жаданага, падалася да яго ўсім целам, прыціснулася да яго шырокіх, разагрэтых хатнім цяплом і гарэлкай грудзей і ўтуліла ў яго пінжак свой гэткі ж гарачы твар. Ён моўчкі і моцна туліў яе, гладзіў па плячах сваімі шорсткімі далонямі, а яна, здавалася, гатова была памерці за тыя хвіліны незвычайнага, ніколі не зведанага шчасця чалавечай блізкасці. Нейкая хваля шчаслівай бяздумнай знямогі ахапіла яе, узняла на страшную вышыню, ад якой зацяло дух і панесла, аж покуль яна перастала адчуваць сябе...
Уранку, ледзьве памыўшыся і дужа спяшаючыся, Пархомаў сабраўся і пайшоў. На парозе ён пацалаваў яе ў лоб, таропка прыгарнуўшы да сябе, і скупа сказаў на развітанне:
— Ну, будзь здарова. Не смуткуй, нічога. Харошая ты, праўда.
Яна начала наводзіць дома парадак, прыбрала пасцель, перамыла посуд. Увесь час яе перапаўнялі ўзнёслыя, радасныя адчуванні ад усяго, што здарылася, ад таго, што ёсць гэткі просты і гэткі цудоўны чалавек на зямлі. Ёй вельмі прыемна было адчуваць, што яна, — як і ўсе жанчыны, не якая-небудзь пагарджаная няўдаліца, а таксама вось прывабная і любая мужчыне, што ён аддаў ей столькі пяшчоты і шкадуе яе. Ураз знікла тая застарэлая маркота, якая ў адзіноце гэтулькі год дапякала ёй, — Фрузына адчула незвычайную дзявочую лёгкасць, зухаватасць, — здавалася, вярнулася яе даўняя забытая маладосць.
З гэтымі новымі радаснымі адчуваннямі яна прыйшла на працу, змяніла ў вестыбюлі Драздову, замяла падлогу, выцерла падаконнікі і не ведала, куды яшчэ падзець сваю сённяшнюю імклівую энергію. Як заўсёды, за акном бразнулі дзверцы і паўз яе, важна сапучы, прайшоў Іван Кузьміч. Яна павіталася з ім, але ўжо не тым палахлівым голасам, а з нейкай годнасцю і незалежнасцю ў тоне. Неўзабаве мякка, па-кацінаму ступаючы на тоўстых падэшвах, прайшоў Петрачэнкаў, і ён не здаўся ёй сёння такім недасяжным і далёкім, як заўсёды. I калі, адстукаўшы абцасікамі на ганку, у вестыбюль з'явілася Нонка, Фрузына не вытрымала і на прывітанне ветліва адказала:
— З мінулым святам вас, Нона Васільеўна!
Увесь гэты дзень Фрузына з прытоеным бляскам шчаслівых вачэй усміхалася знаёмым. Хацелася ёй, каб хто спыніўся, загаманіў з ёю, нешта вялікае бруіла ўвесь час у яе душы, не змяшчаючыся там, і жанчыне карцела падзяліцца з людзьмі радасцю, толькі дзяліцца не было з кім.
З таго дня Пархомаў стаў часта наведваць яе. На працы ва ўстанове, сустракаючыся з ёю, ён быў ранейшы — па-дзелавому строгі, заклапочаны, нават трошкі няласкавы — як і ўсе. Яна не падыходзіла ўжо да яго, як раней, толькі віталася пры сустрэчах — і ўсё. Здавалася ёй: тое, што сталася між імі, трэба берагчы ад старонняга вока, і не таму, што хтосьці можа перашкодзіць ім, а так, проста было неяк сорамна ад людзей. Яна чакала суботы, нядзелі, калі ў яго і ў яе супадалі выхадныя, прыбірала ў пакоіку, апранала сваю сінюю з мярэжкамі сукенку і садзілася ля акна. Ён заўсёды прыходзіў перад вечарам, часам прыносіў бутэльку, а болей ішоў так. Яна ўсё па-ранейшаму хвалявалася, сустракаючы яго, а ён ужо асвойтаўся ў яе пакоі, трымаў сябе роўна і ўпэўнена. Пакуль яна гатавала на дваіх вячэру, ён, каб не сядзець без справы, браў сякерку, малаток і ладзіў што-кольвечы па гаспадарцы — замасціў дзіркі ў падлозе, затуліў дах, паправіў лаўку на прызбе. Суседкі перашэптваліся і хітра ўсміхаліся, сноўдаючы на панадворку, але яна не саромелася іх. Наадварот, яна ціха таіла ў сабе стрыманую жаночую гордасць, гордасць за сябе і за чалавека, які стаў поруч з ёю.
У доўгія гадзіны пяшчотнай блізкасці яны болей маўчалі. Ён часта прытульваў яе да сябе, гладзіў, зрэдку ўздыхаючы — здагадвалася яна — шкадаваў яе. Ён амаль ніколі не казаў нічога пра свае пачуцці, ні пра сям'ю, якая, яна ўжо ведала, была ў яго ў Баранавічах. Хоць ёй і вельмі хацелася ведаць пра ўсё гэта, але яна не пыталася, каб не парушыць чым свайго нечаканага, няпэўнага, толькі трошкі зведанага шчасця. Яна вельмі берагла і вельмі баялася за тое шчасце — чула яе душа, што яно кволае і кароткае, як усё неспадзяванае, цудоўнае...
Тым часам прыйшоў сонечны квяцісты май. Зранку над горадам зіхацела чыстае блакітнае неба, над сценамі туліліся сінія цені, на рагу пачалі прадаваць газіроўку. Петрачэнкаў апрануў клятчасты, бы шашачная дошка, скошаны ў плячах пінжак, Нонка ляскатала ў асляпляльна белых басаножках на вострых абцасах. Ля ганка ўстановы былі дзве вялікія клумбы, і на іх, ледзьве прарэзаўшыся з зямлі, чысцюткай сінявой стракацелі анюціны вочкі.
Аднаго ранку, счакаўшы, пакуль перастануць рыпець дзверы і ўсе супрацоўнікі разыдуцца па кабінетах, Фрузына ўзяла пад лесвіцай палівачку, набрала ў бочцы вады і выйшла паліць клумбы. Пасля застылай засені вестыбюля на сонечным угрэве вуліцы было цёпла і ўтульна. У Фрузыны, як і ўсе гэтыя дні, было добра і спакойна на сэрцы. Тая ўзрушаная радасць, што спачатку поўніла яе і бруіла ў ёй, спакваля саступіла месца роўнаму замілаванаму пачуццю, — так хацелася пражыць жыццё, і шкадаваць не было б чаго.
Жанчына палівала, стараючыся ступаць як мага асцярожней, каб не парушыць цудоўнага хараства гэтых мігатлівых, як зоркі, кветак, і ўсё думала, думала пра яго — незвычайнага гэтага Пархомава. Ён ужо тыдзень як быў у камандзіроўцы, таму ёй не было каго сустракаць ні дома, ні на панадворку ўстановы, заставаліся толькі думкі, успаміны, розныя меркаванні.
У гэты час адчыніліся дзверы, і прыбіральшчыца Ганка, санлівая, леная дзяўчына, чухаючы бок, прамовіла:
— Цётка Фрузына, вас Петрачэнкаў клічуць.
У яе адразу нядобрым прадчуваннем здрыганулася сэрца, але яна знешне спакойна выйшла з клумбы, паставіла на асфальт палівачку і, паправіўшы на грудзях брошку, нетаропка пайшла ў будынак. Яна ўзнялася на другі паверх і, прыпыніўшыся ля чорных дэрмацінавых дзвярэй, нерашуча пацягнула ручку.
Петрачэнкаў пісаў. На яе прыход ён нават не ўзняў свайго акулярыстага твару, толькі буркнуў: «Ага, зараз». Апроч яго, тут яшчэ за трыма сталамі сядзелі людзі — усе былі заняты сваімі справамі і, здавалася, не звярталі на яе ніякай увагі. Фрузына стала ля петрачэнкаўскага стала і з хвіліну чакала, усё робячы здагадкі, якая патрэба прымусіла гэтага чалавека клікаць яе.
Напісаўшы, што трэба было, ён пачаў поркацца ў паперах на стале і, нібы аб якой простай будзённай справе — надвор'і ці нясвежай вадзе ў графіне, задаў пытанне, ад якога ў яе пахаладзела ўнутры.
— Слухайце, Сямашка, ці праўда, што вы таго... з шафёрам гэтым, як яго?.. З Пархомавым?
Петрачэнкаў коратка бліснуў акулярамі, а яна, счырванелая і збянтэжаная ад гэтай бессаромнай праматы, стаяла і пакутна ламала свае непрыгожыя пляскатыя пальцы.
— Га? — зноў запытаўся гэты выглянцаваны чалавек. — Відаць, плёткі, праўда?
Яна ніколі не хлусіла нікому, ніколі не апраўдвалася, калі была вінавата, і, хоць цяпер была здзіўлена і абражана гэтай бесцырымоннасцю, сказала:
— Ну, а што? Ну, ён прыходзіць калі...
Петрачэнкаў варухнуў брывамі, здзіўлена пераглянуўся з некім за яе спіной, крыва ўсміхнуўся і загаварыў прыкра і нудна:
— Прызнацца, не чакаў такога... здзіўляючага сваёй класічнай праматой адказу... А вы ведаеце... што такімі сваімі... ганебнымі, я сказаў бы, паводзінамі кідаеце цень неблагачыннасці, так сказаць, на ўсю ўстанову, вось... Вам вядома, што гэты ваш, як яго... Пархомаў мае сям'ю, так сказаць, да якой ён нейкім чынам павінен захоўваць свой абавязак. Вось. I цяпер, у свеце вашага недвухсэнсоўнага прызнання, я як старшыня мясцкома буду вымушан не абмежавацца гэтай гутаркай, а прыняць, так сказаць, дзейсныя меры, з тым разлікам, каб...
Да яе дрэнна даходзіў сэнс гэтых слоў, яна да болю ў душы адчувала толькі, што сталася нешта агіднае, нешта ганебнае і што яна вінавата ў нечым. Затуманеным зрокам жанчына глядзела цераз лысаватую голаў гэтага чалавека праз акно на панадворак, там відаць быў канец гаража, апошнія вароты, дзе стаяла машына Пархомава. Цяпер гэтыя вароты былі зачынены. I ёй стала вельмі сумна ад таго, што яна адна і што ёй за дваіх трэба прымаць гэты цяжкі удар. З прыкрым адчуваннем нейкай так і не зразумелай віны Фрузына неўзабаве спусцілася ўніз на свае месца ля вешалак і прысела, абапершыся на падаконнік.
Жанчыне нават стала дзіўна, як гэта яна не прадбачыла, што яе могуць абвінаваціць, зняславіць. Пасля горкіх калючых слоў Петрачэнкава было ясна, што людзі не даруюць ёй гэтай блізкасці да Пархомава, але зноў жа — у чым была яе віна, Фрузына так і не магла зразумець. Хіба яна дабівалася чаго, хіба на што благое падбівала Пархомава, хіба чаго злачыннага жадала ад яго?
Нейкі агідны цень запаў у яе душу, і жанчына ўсё не магла зразумець, каго тут вінаваціць — сябе ці Пархомава, — ад гэтага было вельмі тлумна і прыкра. Змаркатнелая, яна ледзьве дачакалася вечара і, так і не разабраўшыся ў сабе, ад крыўды немаведама на каго і завошта, ціха паплакала, ідучы дадому.
На другі ранак пасля тае размовы з Петрачэнкавым яна сядзела ў вестыбюлі і баязліва чакала дзевяці гадзін, калі пачнуць зыходзіцца людзі. Першы, як, бадай, заўсёды, з'явіўся інжынер Шаўроў, як заўсёды, ён старанна выцер ногі і кінуў ей:
— Прывет! Ну што? Як жысць?
Яна нешта новае ўлавіла ў яго тоне і насцярожылася, сціснулася нутром, чакаючы якой нетактоўнасці. I ён не замарудзіў — выпаліў ці то жартам, ці ўсур'ёз, бы пра якую дробязную справу:
— Кажуць, ты ўжо гэтае самае... жаніха знайшла. I недалёка, толькі сямейнага, так сказаць. Што ж, брава, брава.
Сігаючы цераз прыступкі, ён узнімаўся па лесвіцы, мабыць, адразу забыўшыся пра свой жарт, а Фрузына адчула раптам, як хіснулася столь, скрывіліся калоны — ёй стала млосна. Але жанчына стрымалася, прыхінуўшыся да падаконніка, і ўжо амаль не прыкмячала і не віталася ні з кім — ні з Іванам Кузьмічом, які нават не зірнуў у яе бок, ні з Петрачэнкавым, які сёння чамусьці ўважліва агледзеў яе халодным позіркам бялёсых вачэй, ні з Нонкай, якая падкрэслена ветліва і са смяшынкай у вачах павіталася з ёю. Фрузыне было вельмі крыўдна і на сябе, і на людзей, і на ўвесь белы свет.
Увечары таго дня вярнуўся з камандзіроўкі Пархомаў.
Праз акно пад лесвіцай з вестыбюля яна адразу ўбачыла яго машыну, калі ён заварочваўся, каб заехаць у гараж, і яе сэрца зноў, як некалі, у час яго першага прыходу, нязладна забілася ў грудзях. Яна памкнулася на панадворак, але спынілася ля акна, пачакала трохі, пакуль ён уладкуецца з машынай, і пасля, з намаганнем перастаўляючы ногі, пайшла да варот.
Ён зняў акумулятар і анучкай выціраў яго клемы, але, пачуўшы крокі, адразу ўстрывожана азірнуўся. Відаць, нешта кепскае азначылася на яе твары, бо шафёр адразу ўстрапянуўся і выпрастаўся. Фрузына, прыкмеціўшы гэта, спрабавала няўдала ўсміхнуцца і, павітаўшыся, сказала:
— Ведаеш, мяне Петрачэнкаў выклікаў. Лаяў... Пытаўся, ці праўда, што ты да мяне ходзіш?
— Што? — не зразумеў ён. — Што? А скуль ён ведае? На яго запыленым, змораным твары мільганула трывога.
Фрузына патупіла вочы.
— Ну... А ты што? Што ты сказала?
— А што мне было казаць? Сказала, што прыходзіш...
— Дурніца! — Пархомаў з прыкрасцю шпурнуў на зямлю анучу. Потым патаптаўся на месцы, узняў на яе раззлаваныя вочы. — Хіба так можна? Эх, ты!..
Яна ўраз зразумела, што ён не так, як чакала яна, паставіўся да гэтае справы, і ў жанчыны стала пуста і самотна ў душы. Страціўшы надзею і сілу, яна ледзьве дабрыла да свайго месца за перагародкай і ўжо не стрымлівала роспачных слёз, што душылі яе. Побач рыпелі дзверы, хадзілі людзі, нешта казалі, пыталіся, але яна не глядзела ні на кога, не адказвала, не слухала.
Наступілі гаротныя дні.
Пархомаў болей да яе не прыходзіў, пазбягаў сустрэч, на працы яна часта бачыла ў акно, як прызвычаіўся ён да шафёрскай кампаніі, сядзеў, курыў, размаўляў нароўні з усімі. Фрузыне было ад таго дужа балюча, яна па-ранейшаму імкнулася да яго, ні ў чым не вініла, цяпер ужо яна папракала сама сябе, што адкрылася тады Петрачэнкаву, але фальшывіць, хлусіць, ашукваць яна не ўмела.
Ёй было вельмі пакутна ў адзінокія ночы ў сваім пакойчыку — думаць, уздыхаць, успамінаць нядаўнія, поўныя хмельнага шчасця, дні. Часта яна зноў адчувала сябе вельмі адзінокай, пагарджанай, ды ўжо куды мацней і нясцерпней, чым у ранейшыя разы.
I тады аказалася, што яна будзе маці.
Спачатку Фрузына вельмі спалохалася ад тае навіны — яе ахапіў жах, калі яна прыгадала, як паставяцца да яе на рабоце, што скажуць суседзі. Ёй карцела некуды бегчы, неяк ратавацца ад той бяды, якая навісла над ёю. Але на змену спалоху неўзабаве з'явілася новая думка, што вельмі дзівіла яе: у яе будзе дзіця — свая маленькая родная істота, самая важная і самая дарагая ў жыцці. Яна прыпомніла знаёмых суседскіх дзяцей, блізнятак Драздовай, і неспадзявана яе ахапіла супярэчлівая хвалюючая радасць. Яна ведала ўжо, што будзе шмат гора наперадзе, што Петрачэнкаў, бадай, не адступіцца са сваімі нуднымі пропаведзямі, што будуць насмешкі і сорам, але ўсе гэтыя нягоды марнелі перад новай вялікай радасцю мацярынства.
I Фрузына пакрысе супакоілася, павесялела, яна пачала прыглядваць за сабой — у час паесці, не заседжвацца начамі, у меру хадзіць. Са сваёй трохсотрублёвай зарплаты яна пачала ашчаджаць грошы — яны так патрэбны ёй будуць тады, як з'явіцца ён. Жанчына зноў, як калісьці ў шчаслівую пару яе адносін з Пархомавым, адчула сябе ладнай, здольнай, разумнай, такой, як і ўсе задаволеныя жыццём людзі. Пра свой новы стан яна не сказала нікому, як мага глыбей тоячы свае надзеі. Яе цяпер вельмі цікавілі дзеці, і яна часта, ідучы дадому, спынялася дзе ў скверы і падоўгу пазірала на малых карапузаў у калясках, на дарожках, на руках маці.
Так ішоў час, і надышла пара, калі людзі пачалі прыкмячаць перамены ў яе абліччы. Неяк у час зменкі Драздова ўважліва, з падазронасцю паглядзела на яе закруглелы жывот і з заўсягдашняй грубаватай праматой, уласцівай гэтай жанчыне, спытала:
— Што гэта ты растаўсцела? Ці не дзіцёнак? Фрузына сканфузілася, затуліла далонямі жывот, але хіба можна было ўтаіць тое, што адбывалася ў ёй? I, зразумеўшы гэта, яна ўсміхнулася са стрыманай шчырай радасцю ў вачах і паведаміла, як найвялікшую сваю таямніцу:
— Ага, дзіцёначак.
— Ах, каб ты правалілася! — са знарочыстай злосцю загаманіла Драздова. — Што ж гэта ты дапусціла сябе, не ў час агледзелася? Трэба ж было раней, цяпер жа можна і нядорага... Ах, каб цябе!..
— Навошта? — зразумеўшы, пра што кажа жанчына, сказала яна. — Хай.
— Хай?! — здзівілася тая. — Вось дык гунора! Хай! Што ты сабе думает, баба? Як жа так можна? Не замужам і хай! Ты думаеш, гэта што — дзіця? Гэта катарга, жызні сваёй няўзлюбіш, свет праклянеш! Гэта ты ненавучаная, вядома. А я ўжо шасцярых вырадзіла, хай ім дно з прарэхай — дзецям гэтым. Праз іх да часу ў магілу ляжаш...
Фрузына маўчала, папраўляючы на сабе кофту, пакарацелую наперадзе спадніцу. Трэба было б пашыць што шырэйшае, вальнейшае, але яна шкадавала грошай, дый навошта? Яна не саромелася, ні ад каго не таілася, яна ўжо зжылася з думкай аб сваім маленькім і да часу яшчэ ганарылася ім.
А Драздова ніяк не магла ўгаманіцца і кожную раніцу, сустракаючыся з ёю (пэўна, і за вочы таксама), лаялаўсё яе дурасць, а яшчэ болей Пархомава.
— Ах ты, зладзюга, каняга няшчасны! Што нарабіў бабе! — не зважаючы на людзей, што праходзілі міма, злосна лапатала яна за сваей перагародкай. — Я яму вочы выдрала б, фізіяномію расквасіла. Папомніў бы ён мяне, вырадак пракляты. Не, я гэтага не даравала б так ціха-гладка. Што стаіш? — крычала яна на Фрузыну. — Ідзі да дырэктара, да мясцкома, хай яго, нягодніка, жаніцца прымусяць.
Але яна не ішла ні да кога, нікому не скардзілася, на Пархомава яна проста забылася сярод сваіх новых турбот. Праўда, яна разумела, што крыху памылілася ў ім, што залішне панадзеялася на яго прыхільнасць да яе, але хіба ён учыніў ёй што кепскае? Усе, што датычыла яго ў яе ўспамінах, было добрае і светлае, і калі ён перамяніўся да яе пасля, дык што ж... Ведама ж, яна не нявеста, дый ён не які там жаніх. Адным словам, крыўдаваць, злавацца на яго Фрузыне, здавалася, не было за што. I яна жыла сама па сабе, як і да яго, жыла марамі аб маленькім, — цяпер ужо ёй не страшна была адзінота і не дужа патрэбны і Пархомаў.
Але хоць яна і замкнулася ў сабе, у сваіх надзеях і клопатах, людзі ўсё ж не перасталі турбаваць яе. Жонка Пархомава, відаць, нешта дачулася ў Баранавічах і неўзабаве балюча нагадала аб сабе. Аднойчы ў пагодны дзень, толькі што заступіўшы на дзяжурства, Фрузына захацела нечага выйсці і ў тых скрыпучых дзвярах спаткалася з дырэктарам. Жанчына спаважна саступіла ўбок, павіталася, імкнучыся як найхутчэй размінуцца. Але дырэктар, невыразна буркнуўшы нешта на яе «дзень добры», нечакана спыніўся, перахапіў у руцэ жоўтую папку і, гледзячы зверху ўніз, з затоенай пагардай у строгіх вачах сказаў:
— Ага, дарэчы, таварыш Сямашка, што гэта ў вас з Пархомавым? Жонка ліст прыслала, судом пагражае. Яго я ўчора зволіў па ўласнаму жаданню, але вы што сабе думаеце?
I, нахмурыўшы касмылявыя крутыя бровы на выгаленым укормленым твары, ён утаропіўся ў жанчыну і чакаў, што яна скажа. А Фрузына раптам адчула, што ёй замінаюць рукі, пачала церабіць аборку кофты на вялікім ужо жываце і гатова была праваліцца ў зямлю ад гэтага яго дапытлівага позірку. Ёй зрабілася млосна і крыўдна, у горле захраслі ўсе словы, і яна нічога не магла адказаць, толькі думала, каб як перабароць сябе, не хвалявацца, бо гэта шкодна яму, маленькаму. Добра, што дырэктар не настойваў, пастаяў троху, паўзіраўся ў яе збянтэжаны твар і, пакруціўшы галавой, падаўся да лесвіцы.
Толькі б не хвалявацца, толькі б стрымаць сябе, незаплакаць — патрабавала яе мацярынская рупнасць і пасля, калі яна зноў вярнулася да свайго акна, і на другі дзень — дома, калі ёй давялося ўчуць, як, сабраўшыся на прызбе за рагом, абгаворвалі яе суседкі. Яна прымушала сябе аглухнуць да ўсяго благога, фанатычна школіла сваю волю, каб не раздражняцца нічым, не хвалявацца ад людской нядобразычлівасці.
Так мінула лета і паціху начала ўсталёўвацца восень. Фрузына даношвала апошнія месяцы, ёй было трудна штурхацца ў аўтобусах, і яна ўсё часцей з працы і на працу хадзіла пехатой. Водпуску яна не брала — ніхто ёй не прапаноўваў таго, а прасіць у яе не хапала адвагі. Усё ёй здавалася, што яна нечым не дагадзіла людзям, нешта зрабіла не так, і ад таго хацелася як мага меней трапляць ім на вочы і турбаваць іх. Добра, што на дварэ стала халадней, пачаліся нудныя восеньскія дажджы, і яна апранула фуфайку, каб меней вылучацца сваёй цяжарнасцю.
Драздова неяк змяніла свае грубаватыя адносіны да яе, не лаяла ўжо, нічога не дамагалася. Аднойчы толькі, калі Фрузыне нешта занядужылася на працы, вахцёрка прагнала жанчыну дадому, накрычаўшы за яе няўвагу да сябе. Заадно яна палаяла і Пархомава, а таксама начала наракаць на сваю горкую долю, якая ніколі не дае ёй спакою.
Чаго Фрузына найбольш баялася, тое пачалося на працы. Зранку было дужа сцюдзёна, дзьмуў моцны вецер, яна не ўлезла ў перапоўненыя аўтобусы і цераз увесь горад ішла пешшу. Заступіўшы на дзяжурства, жанчына як села на табурэтку ля акна, так і не магла ўжо ўстаць. Ёй рабілася горача, млелі ногі, але яна дужалася з немаччу і неяк дацярпела да абеду. Далей ужо трываць было нельга, і Фрузына зразумела, што прыйшоў той час.
Яна папрасіла прыбіральшчыцу Ганку падзяжурыць да змены, а сама асцярожнай, кволай хадою, мацаючы сцены будынкаў, выправілася ў радзільны дом. Добра, што ісці было недалёка, хоць і вельмі трудна, і яна праз гадзіну з супынкамі дабралася туды.
Увечары яна радзіла. Радзіла без аніводнага крыку, без стогну, задушыўшы ў сабе ўвесь пякельны боль — яна ўсё не хацела турбаваць людзей. Дакторка пахваліла яе за цярплівасць, і, калі паведаміла, што нарадзіўся спраўны, ніштаваты хлопчык, Фрузына адразу забылася на пакуты.
Хлопчык абурана, гарласта крычаў, пакуль яго выносілі прэч, і яна той раз на ўсё жыццё запамятала яго патрабавальны, характарны крык. Пасля яна ўбачыла яго маленькі ружаваты тварык з прыплюшчанымі вачанятамі і прагнай маленькай прысоскай на верхняй губе. Ссаў ён добра, жвава, смачна цмокаючы маленькім роцікам, і яна аж замірала ад нязведанай мацярынскай асалоды.
У раддоме ёй было добра. Праўда, з дванаццаці гадзін, калі ў калідоры пачыналі бегаць санітаркі, носячы перадачы, выклікаючы парадзіх, яна адчувала цьмяны неспакой у душы. На ўсіх тумбачках у палаце ў спецыяльна прыгатаваных на тое вазах стракацелі кветкі, яе ж ваза стаялапустая. Праўда, кветкі, розныя прысмакі зусім не патрэбны былі жанчыне і нічуць не турбавалі яе, вось хіба толькі людскія вочы... Ад людзей цяжка ўтаіць, што ў сваей душы, суседкі ў палаце і сестры, відаць, разумелі ўсё, але маўчалі, не распытвалі, і яна за гэта была вельмі ўдзячна ім.
Але яна ніяк не магла пагасіць у сабе ўсё болей агартаўшай яе трывогі. Ёй прыгадаўся даўні выпадак, што адбыўся некалі ў яе роднай вёсцы. То былі цяжкія часы, калі толькі што скончылася вайна і з франтоў вярталіся салдаты. Усе, у каго хто-небудзь быў у войску, чакалі служывых, адна толькі Галена, маладая салдатка, не чакала свайго Яўхіма, які ў шаснаццатым годзе склаў сваю галаву ў невядомай далёкай Галіцыі. Даведаўшыся аб тым страшным здарэнні, Галена дзён колькі несуцешна галасіла на ўсю вёску, а пасля запрагла буланага і паехала араць свой надзел.
Фрузына была тады зусім маленькай дзяўчынкай, у ворыва насіла бацьку на поле яду і ўсё не магла зразумець, чаго гэтая маладзіца так мала арэ, а ўсё сядзіць у баразне ля плуга і плача. Аднак пасля нехта памог кабеце, яна супакоілася, павесялела, а яшчэ праз нейкі час нарадзіла маленькую крыклівую дзяўчынку. Фрузына добра памятае гэтую яе крыкушку ў плеценай зыбцы на бярозавай жардзіне — яна тады з другімі дзецьмі не раз падбягала пад вокны глядзець на малую, што нарадзілася без бацькі. На вёсцы гэтае нараджэнне стала незвычайнай падзеяй, аб ім з'едліва і абразліва гаварылі мужчыны, бабы і нават дзеці. Пасля здарылася такое, што страшна нават і ўспамінаць. Дзед Пахом, свёкар Галены, круты, ваўкаваты стары, напіўшыся на нейкае свята, да паўсмерці пабіў маладую ўдаву. Галена з паўгода пакашляла крывёй і памерла, і ніхто не шкадаваў яе, не апраўдваў. Нябогу пахавалі на краі могілак, і яе курганчык неўзабаве зарос быльнягом, а вясковыя бабы пачалі ёю палохаць дзяцей.
Праўда, цяпер часы іншыя, але ўсё ж людзі бываюць розныя, хіба не знойдзецца хто пакпіць з адзінокай немаладой жанчыны. Фрузыне ўсё здавалася, што пасля ўсяго, што здарылася, ва ўстанове не даруюць ёй такога ганебнага мацярынства. Яна ўжо прадбачыла, як будзе выгаворваць ёй Петрачэнкаў, можа, нават выклічуць на мясцком і дадуць якое спагнанне. Праўда, яна ўсё намагалася пазбыцца турбот аб сабе, дбаць толькі пра свайго малога, але заглушыць неспакой было немагчыма. I Фрузына ўгаворвала сябе трываць — усё перажыць адной, адасобіцца ад людзей, жыць толькі ім, аглухнуць да ўсяго благога.
Папраўлялася яна добра і праз некалькі дзён адчувала сябе няблага. Ёй дазволілі ўставаць, і Фрузына, сеўшы на ложку і захінуўшыся ў халат, чакала ўсё часу кармлення, калі прывозілі малых. Яшчэ здалёк на парозе яна пазнавала свайго ў радку зусім падобных белых скруткаў на калясцы і, не могучы ўтрымаць замілаванай радасці, першая ўзнімалася насустрач, карміла і з вялікай неахвотай аддавала яго назад. Сестры хвалілі яе малога, дакторка шматзначна назвала вагу — 4800, і мацярынскае сэрца поўнілася ціхім гонарам. Ніколі яшчэ так не ганарылася яна ў сваім жыцці. Гэта было сапраўднае, вялікае шчасце.
I вось прыйшоў дзень, калі трэба было пакідаць бальніцу.
У апошнюю ноч ёй стала асабліва неспакойна на душы. Звечара яна прысніла непрыемны, благі сон, ратуючыся ад пакутаў якога яна прачнулася і ўжо болей не заснула да ранку. Ёй сніўся Петрачэнкаў, і дырэктар Іван Кузьміч, і Шаўроў, быццам яны з'явіліся ў раддом і злосна патрабавалі ў яе вярнуць некуды яе малога. Яна вельмі спалохалася, бо яе абвінавачвалі ў крадзяжы дзіцяці, на якога яна не мела права, а як апраўдацца, даказаць, што гэта яе дзіцёнак, яна чамусьці не мела сілы. I яна толькі пакутавала і бегала па пакоях, па вуліцах, хавала малога, а за ёй ганяліся людзі і атукалі, як у полі на воўка.
Яна не стрывала да канца гэтага страшнага відовішча, але ўжо ведала, што заўтра здарыцца нешта благое. На світанні яна ўзнялася і стала клапаціцца, каб сабраць свае рэчы, званіла па тэлефоне ва ўстанову. Ноччу там дзяжурыла Ганка, якая, аказваецца, цяпер замяніла яе ля дзвярэй, Фрузына папрасіла перадаць Драздовай, каб тая прынесла з кватэры малому бялізну. Пасля яна стала чакаць, калі папрыходзяць дактары і напішуць яе дакументы. Ёй было ніякавата ад таго, што ніхто не прыйдзе за ёю, што і ў апошнюю хвіліну ёй не мінуць украдкам кінутых позіркаў сясцёр, санітарак, — позіркаў, у якіх празмерная цікаўнасць, здагадкі і прытоенае асуджэнне.
Час ішоў вельмі марудна. Мінула ўжо і дзесяць, і адзінаццаць гадзін, а Драздовай усё не было. Фрузыне ўжо выдалі дакументы — даведку, што ў яе нарадзіўся хлопчык, што яму зроблены ўсе прывіўкі. Гэтую даведку, бы найдаражэйшы дакумент, яна загарнула ў паперку і схавала за пазухай. Яна ўсё хадзіла па калідоры і чакала, агорнутая клопатам, як данесці малога дадому па такой сцюжы, што трэба было б купіць цёплую коўдрачку, ды вось дагэтуль на ўсё не хапіла грошай.
Жанчына аж здрыганулася, калі сястра адчыніла ў калідор дзверы і паклікала яе апранацца. Там, у пярэднім прахадным пакойчыку, яна спаткалася з Драздовай — захутаная ў цёплы шалік, у плюшавым жакеце, вахцёрка чакала яе са скруткам у руках. Яна ледзь прыкметна ўсміхнулася насустрач Фрузыне знарок сярдзітымі вачыма і загаварыла сваім грубаватым голасам:
— Ну што, выхадзілася, нябога? Ну, нябось пазнала, дзе ракі зімуюць? А што, не казала я?! Ну! Дзе ён — твой крывапівец? На вось, сабралі тут. На кватэру я не хадзіла — далёка, ну яе.
Яна сунула ў рукі Фрузыне тугі скрутак — коўдрачка, прасцінкі, сіняя шаўковая стужка. Жанчына здзівілася: чыё ж усё гэта?
— Бяры, бяры, — папіхнула яе Драздова. — Сабралі тут. Нонка, Куцячыха, Шаўроў даў паўсотні. Я сваіх пару пялёнак загарнула — спатрэбіцца.
— Дзякуй, — сказала Фрузына і прыплюшчыла вочы. Ёй раптам стала нечага вельмі жаласліва на душы — і да сябе, і да іх, што не забыліся, не пагрэбавалі...
— Ну ідзі, ідзі, паказвай свайго крывасмока, — падштурхнула яе Драздова.
Яна хуценька апранулася ў сваё пакамечанае, несамавітае адзенне, ад якога ўжо паспела адвыкнуць, і ўсё пазірала на дзверы, прыслухоўвалася — адтуль у першы свой шлях па зямлі павінен быў выйсці сын, яе ўцеха і яе вялікае шчасце ў жыцці.
Вельмі занятая, рухавая і заклапочаная сястра вынесла ёй акуратна загорнуты пульхны скрутак, падала ў рукі і развіталася. Фрузына асцярожна ўзяла яго, адхінула ражок прасцінкі — ён соладка спаў, сцяўшыся тварыкам у маленькі ружовы камячок. Драздова таксама зірнула пад прасцінку.
— Спіць? Іш ты, Пархом халерны. Ну ладна, расці. Дай сюды, я...
Яна бесцырымонна забрала яго з рук маці, спрытна ашчаперыла, штурхнула нагой дзверы, і жанчыны выйшлі на вуліцу.
Пакуль яны ішлі глухаватымі завулкамі, Фрузына паступова набіралася лёгкага радаснага забыцця. Ёй было добра — зноў тонкай, памаладзелай, перанёсшай труднае ў жыцці; радасна, што прыдбалася ў жыцці блізкая, дарагая істота, частачка яе жыцця; прыемна, што вось Драздова — заўсёды зласлівая Драздова — гэтак дарэчы ўслужыла ёй.
А вахцёрка ішла крыху наперадзе і ўсё нешта прыгаворвала малому — нешта знарочыста сварлівае. Фрузына даўно ўжо прывыкла да гэтага яе тону і цяпер неяк асабліва выразна адчувала ў ім і спагаду, і пяшчоту, якія заўсёды былі старанна захаваныя пад гэтай знешняй яе незадаволенасцю. Яшчэ Фрузына вельмі ўдзячна была Нонцы і Шаўрову. Адчувала яна, што шматлікія пакуты неяк зблізілі яе з людзьмі, далі, відаць, ёй нейкае няпісанае права на людскую прыхільнасць.
Падыходзячы да іх установы, Драздова нечакана павярнула ўбок, да ганка.
— Ідзі, пакажам твайго крыкуна. Хай паглядзяць. А то — Фрузына такая, Фрузына сякая... Ідзі, ідзі, чаго там, — прыкрыкнула яна на жанчыну, калі тая нерашуча спынілася на вуліцы.
Фрузына збянтэжылася: ёй вельмі няёмка было несці туды дзіця, але Драздова ўжо адчыняла нязладныя дзверы. Нічога не заставалася рабіць, і яна вымушана была пацягнуць за тыя медныя ручкі-поручні. Дзверы працяжна прарыпелі, бы прывіталіся са старой знаёмай, і гэты іх рып душэўным болем працяў нутро жанчыны.
У вестыбюлі было цёпла, да іх адразу прытупала ў скрыўленых валенках Ганка. Драздова, прымасціўшыся ля батарэі, начала расхутваць малога.
— Во, глядзі, якога мужыка займела баба. А то думалі, што Фрузына горш за людзей. Вунь як пазяхае, пражора! Толькі есці давай, — прыгаворвала яна, спрактыкавана разгортваючы пялёнкі.
Заўважыўшы навіну ў парозе, аднекуль з калідораў прыбеглі дзве прыбіральшчыцы, угары на лесвіцы дробна застукалі абцасікі, і цераз поручні нагнулася кучаравая галава Нонкі.
— О, што там у вас робіцца? — гукнула маладзіца і зноў заляскатала абцасікамі, збягаючы ўніз.
— Ой, які маленькі, які карапузік, дайце мне, дайце я, — загаманіла яна, беручы малога і няўмела прытуляючы яго да сябе.
Фрузына вельмі баялася, каб ён часам не выпаў як на падлогу, яна ўсё падстаўляла рукі, непакоілася за кожны яе ліхаманкава-радасны рух. А Нонка ўсё хапала малога, шугала, прыціскала да сябе — дзіва было, колькі таілася пяшчоты ў гэтай жанчыне.
У той час у вестыбюлі аднекуль з'явіўся Шаўроў. Як некалі, у даўнія часы, ён здалёк басавіта гукнуў Фрузыне:
— Прывет, Фрузына! Як жысць маладая, вясёлая? О, я гляджу — з прыбаўкай цябе! Ну, маладзец, — казаў ён, падыходзячы да яе ў сваім шархоткім чорным плашчы. — Дайце ж і мне патрымаць чалавека.
Ён узяў маленькі скрутачак, асцярожна шугнуў яго ўгору-ўніз, і малое неспакойна заварушылася.
— Харош, харош, гвардзеец, — радасна ззяў вачыма інжынер. — Як жа назваць яго? — спытаў Шаўроў і паўзверх жаночых галоў зірнуў угору. На лесвічнай пляцоўцы, нерашуча занёсшы нагу на ніжэйшы прыступак, стаяў Петрачэнкаў.
— Эй, Петрачэнкаў, хадзі сюды!
Фрузына на момант спалохалася: ёй прыгадаўся сон і здалося, што Петрачэнкаў, як некалі, пачне дакараць яе. Але старшыня мясцкома рупліва заклаў пад стракаты пінжак такі ж стракаты гальштук і, асцярожна намацваючы прыступкі, паслухмяна пайшоў уніз. На яго заўчасна абвялым, нездаровым твары з'явілася не то вінаватая, не то цікаўная ўсмешка.
— Вось глянь, — казаў да яго інжынер, — чалавек! Што, брат? Жыццё жывое творыць, ці не праўда?
Усё ўсміхваючыся, Петрачэнкаў падышоў да людзей, агледзеў малога, якога ўсё варушыў інжынер, здаецца, упершыню з цікаўнай павагай паглядзеў на Фрузыну. Праўда, ён не дакрануўся да яе сына, але ад яго зважлівасці ў Фрузыны паспакайнела ўнутры.
— Ну, што ж, чалавек, канешне, факт, гэта безумоўна, — паводзячы блішчастымі акулярамі, зазначыў ён і, яшчэ, паўсміхаўшыся, дадаў, кажучы Фрузыне: — Вы вось што, Сямашка... Напішыце заяву ў мясцком... Рублёў гэтак на трыста... I яшчэ дырэктар сказаў, на яго «Пабедзе» адвязуць вас. Так што пехатой не ідзіце.
I Фрузына нечакана адчула, як разлілася па яе целе хваля нейкага цёплага шчымлівага пачуцця. Хвалюючыся і ўжо не збіраючыся супакойваць сябе, яна ўпершыню начала спавіваць таго, хто здабыў ёй гэткую прыхільнасць людзей. Драздова гэты раз адступілася ад жанчыны, не памагала, толькі пільна назірала за яе яшчэ няўмелымі рухамі, тоячы на вуснах ледзь прыкметную ўсмешку. Шырока і шчыра, бы разумеючы штось таемнае, усміхаўся Шаўроў, спагадлівая весялосць свяцілася ў марудлівых вачах Ганкі і на тварах дзвюх прыбіральшчыц. Адна толькі Нонка чамусьці згубіла сваю нядаўнюю радасць, спахмурнела і, насупіўшы тонкія броўкі, патупілася.
Ап'янелая ад вялікага шчасця, Фрузына, аднак, не прыкмячала нічога, старанна затульвала малога і сарамліва ўсміхалася. Упершыню за шмат год жыцця адчула яна сябе чалавекам — нароўні з усімі людзьмі.


1958