Г а л о ў н а я  
  Т в о р ы  
  А р т ы к у л ы  
  Ф о т а  

Пагорак

Позьняй веснавой раніцай мы з капітанам Лемешам сядзелі каля дымлівага цяпельца і бавілі час у ленай, нешматслоўнай гаворцы. Увогуле было маркотна, у мяне для радасьці не было падставы. Капітан жа мог бы і парадавацца, але яго, відавочна, займалі новыя думкі, далёкія ад гэтага пагорка і дагарэлага на ім цяпельца. Учора да нас на НП перадалі загад па дывізіі, якім капітан Лемеш прызначаўся начальнікам артылерыі суседняга палка. Для нядаўняга камандзіра батарэяў “саракапятак” гэта было падвышэньне, якое абяцала зусім іншую вайну і службу, іншую, чым тая, што за немалы час добра агоркла капітану. Тыдзень таму на Днястры мы страцілі апошнюю нашу “саракапятку”, якую ўшчэнт разьнёс нямецкі снарад. Байцоў, што засталіся ад батарэі, перадалі на папаўненьне ў стралковы батальён, а самі пяты дзень сядзелі на НП камандзіра палка. Ноччу, пакуль камандзір спаў, мы дзяжурылі ў камандзірскім бліндажы, слухалі і глядзелі, што адбываецца на недалёкай перадавой, перазвоньваліся з НП дывізіі. Вядома, мы разумелі, што гэтая наша служба — часовая. Полк вёў баі, спрабаваў наступаць, штодня нёс страты. У кожную хвіліну нас маглі накіраваць куды заўгодна, але найбольш верагодна — у які-небудзь стралковы батальён: капітана — камандзірам роты, а мяне — узводным. Каб не дарма елі салдацкі хлеб, як казаў капітан. Аднак яму нечакана пашанцавала — яго ўжо не пашлюць у стралковую роту, цяпер ягонае месца ў палкавым штабе. Але што чакае мяне?
Капітан быў чалавек выхаваны, паходзіў зь ленінградзкіх інтэлігентаў, мабыць ён разумеў стан мае душы і памкнуўся мяне суцешыць.
— Ладна, не тужы, лейтэнант. Станем у абарону, падкінуць гарматкі. Табе ж шмат ня трэба? Якіх пару...
— Хай не даюць, — няшчыра пярэчыў я. — Аўтамат знойдзецца.
— Аўтамат пасьпеецца...

Цяпельца то затухала, то пад лёгкім ветрыкам пачынала бязьлітасна дыміць, выядаючы вочы. Ісьці па дровы ў недалёкі вінаграднік не хацелася. Тут быў схіл пагорка, на якім з таго боку сапёры абсталявалі бліндаж назіральнага пункту. Там жа, за пагоркам, чутна было, грукацелі кулямётныя чэргі, але сюды кулі не заляталі, пагорак нас укрываў. Наперадзе ж перад намі разьлеглася даволі шырокая даліна, па той бок якой таксама на схіле відаць былі роўныя шнуркі вінаграднікаў і бегла крываватая палявая дарожка, абсыпаная абапал старымі і сьвежымі варонкамі ад выбухаў. Капітан усё ўзіраўся туды, чакаючы пасыльнага, які павінен быў прыехаць па новага начарта. Але пасыльны затрымліваўся, хаця ўжо гадзіну таму па тэлефоне перадалі, што паехаў.

— Ат, ладна, — сказаў капітан і дастаў з-за пазухі алюміневую пляшку. — Давай вып'ем. Каб не апошнюю...
— Ну, вы цяпер маеце шанец...
— Шанец чаго? — насьцярожыўся капітан.
— Ну, на жыцьцё, — адчуўшы пэўную няёмкасьць, сказаў я. Падобна было, капітан пачуў у маім голасе нейкія ноткі зайздрасьці. Але тое была ня зайздрасьць да яго — болей клопат за свой незайздросны лёс. Я, напэўна, адчуваў, што ня сёньня, дык заўтра апынуся ў стралковым батальёне, дзе, вядома, жыцьцё нядоўгае. Хоць яно і ў супрацьтанкавай батарэі не даўжэйшае, але ўсё ж... Усё ж во мы ўцалелі.
— На вайне ніхто ня ведае свой шанец, — растлумачыў капітан. — Ну, глытнём!
Ён глытнуў сам і падаў мне пляшку, зь якой я глытнуў раз-два і папярхнуўся. Мусіць, то быў сьпірт, ад якога адразу заняло дых.
— Ну во, — сказаў ён. — Каб табе тут шчасьліва ваявалася.
— Дзякуй.

У той час унізе, у лагчыне, а зусім не на дарожным пагорку паказаўся чалавек, які вёў на повадзе каня — мабыць, гэта й быў той, каго мы чакалі. Ад выпітага сьпірту ці ад усьведамленьня канца нецярплівага чаканьня капітан прыкметна ажывіўся, піхнуў ботам канец галавешкі, ад якой пыхнула ў вочы ядучым дымам.

— Ты гэта во што... Калі там у батарэі недакамплект узводных, дык я цябе забяру. У свой полк.
— Ды ну! Ці варта...
— Варта, варта. Усё ж мы с табой разам з самай зімы. Лічы, чатыры месяцы.
— Чатыры месяцы...
— Можа, я цябе калі й дапёк, дык даруй. Знаеш, вайна — усё ж нэрвовая справа.
— Ды не. Я нічога...
— Ага, не крыўдуй... А давай яшчэ па глытку! — з раптоўнай рашучасьцю сказаў капітан і зноў выцягнуў з-за пазухі ватоўкі сваю пляшку. — Думаў, там — на абмыўку. Але й тут дарэчы.

Мы й яшчэ глытнулі патроху, пакуль коньнік узьяжджаў на пагорак. Гэта быў пажылы, вусаты баец у бушлаце, які неўзабаве спыніўся перад цяпельцам і зважліва папытаўся:

— Ці ня вы будзеце капітан таварыш Лемеш?
— Угадаў! — сказаў камбат і ўскочыў, — рослы, энэргічны, у туга аперазанай партупэяй ватоўцы. — Ну, лейтэнант, жыві да перамогі! На перамозе сустрэнемся.
Я таксама ўстаў, мы таропка абняліся, і капітан, прыняўшы ў пасыльнага повад, лёгка й спрытна ўскочыў у сядло. Не азірнуўшыся, ён паскакаў рысьсю ўніз, за ім, трохі адстаўшы, ехаў вусаты пасыльны. Я сеў на сваё ранейшае месца ля цяпельца. Мне было сумна й трохі зайздросна. Хоць надта зайздросьціць я ня меў падставы: усё ж камбат быў старэйшы за мяне, ваяваў у палку ад самага Сталінграда, узнагароджаны трыма ордэнамі, у тым ліку і Чырвоным Сьцягам, ня тое, што я — Чырвонаю Зоркай, ордэнам Ванек-узводных ды тылавікоў-інтэндантаў. Зноў жа ён быў ня з тых, хто любіў заграбаць жар чужымі рукамі, а калі трэба было, дык рызыкаваў і сабой. Як у тым выпадку на пляцдарме, калі стаў за прыцэл гарматы і паўдня адбіваў нямецкія атакі. Мабыць, ён заслужыў нейкае права, каб цяпер, напрыканцы вайны, лепей уладкаваць свой лёс і, можа, дажыць да перамогі. Але хто не хацеў бы таго? Праўда, пра тое, каб выжыць, мы маглі толькі марыць. I то тайком ад саміх сябе, тоячыся ад уласнага сумленьня.
Ужо без увагі да згаслага цяпельца я сядзеў на схіле і пазіраў усьлед нядаўняму камбату. Унізе палявая дарожка раздвойвалася, адна ішла напрасткі цераз пагорак з варонкамі, а другая, ледзьве прыкметная здаля, — у аб'езд па лагчыне, адкуль прыехаў пасыльны. Капітан спусьціўся з пагорка і троху прытрымаў каня, мусіць, вырашаў, па якой скіраваць дарозе. Здалося мне, нават трохі праехаў у лагчыну, але зараз жа збочыў і скіраваў на тую, цераз пагорак. Мабыць, гэтая была карацейшаю, а капітану, відаць па ўсім, не цярпелася. Тым болей, што немцы пакуль не стралялі, выбухаў паблізу не было чуваць.

Шпаркай рысьсю капітан паскакаў на пагорак і вось ужо выехаў на самы ягоны ўзлобак. I тады ўгары каротка віскнула, і ля дарогі пыхнуў клуб міннага выбуху. Сэрца ў мяне здрыганулася — ну, нашто ён паехаў туды? Пыхнуў і яшчэ адзін пыльны клуб — па другі бок дарогі. Капітан хвастануў каня, зрываючы на галоп, але тут жа ўгары пагрозьліва завіскатала ў шмат галасоў, і некалькі выбухаў нячутна вырасьлі абапал дарогі, схаваўшы ў сабе коньнікаў. Я ўскочыў на ногі, але з паўхвіліны нічога там згледзець ня мог — адно касяк пылу паволі поўз цераз дарогу. Як ён споўз адтуль, я ўбачыў толькі каня, што, дужа кульгаючы, бег кудысьці па схіле. Другі коньнік, што добра-такі адстаў ад першага, таропка заварочваў назад.

А за пагоркам ззаду ўжо ва ўсю забухала, загуло. Нямецкая артылерыя пачала біць па ўсім навакольлі, міны рваліся ў лагчыне і далей, не даючы нікому высунуць носу з укрыцьцяў. Капітана вынесьлі толькі ўночы, ягонае цела было амаль расшкуматанае асколкамі, і хавалі яго туга загорнутым у плашч-палатку.
Жывы прайшоў ад Сталінграда да румынскай мяжы, а пагорка не пераехаў...