Васiль Быкаў


  Г а л о ў н а я  
  Т в о р ы  
  А р т ы к у л ы  
  Ф о т а  



Быкаў на Свабодзе
Быкаў на Свабодзе

Большы за Коласа

Ён быў з тых, хто мог перайначыць хаду беларускай гісторыі. Калі б ён стаў у 70-я гады дысыдэнтам, як Гавэл і Жэлеў, ён вырас бы ў палітычнага лідэра Беларусі.Калі б ён дазволіў тады сабе поўную літаратурную свабоду і адмовіўся ад самацэнзуры, Нобэлеўскі камітэт ушанаваў бы яго нароўні з Салжаніцыным і Мілашам.савiк 2003)


Пасьля, калі наступіла жаданая палітычная свабода, было позна: выпетраліся ўспаміны, пад старасьць стала менш інтэнсіўным духоўнае жыцьцё, а галоўнае, скончыліся крайнасьці таталітарызму, у жорсткім сутыкненьні зь якім толькі і мог да канца аграніцца ягоны талент. У Быкава не было дару прадбачаньня. Ён ня быў прарокам ні ў творах, ні ў палітычных прагнозах.

Ён мог бы стаць дзяржаўным лідэрам на пераломе, як вугорскі мараліст Арпад Генц; зноў беларуская гісторыя мела шанец пацячы па больш літасьцівым рэчышчы. Хоць, ня выключана, у постсавецкім сечышчы ня зь ім аказалася б фартуна, і гісторыя кінула б яго пад абцасы паразы, як некаторых ягоных сяброў-палітыкаў.

Урэшце, ён мог бы стаць вызваліцелем пасьля сьмерці — як Акіна, Сукарна ці Бандаранаіке, — але ў яго няма ні дачок, ні маладой жонкі, якія б прыйшлі ў палітыку пасьля ягонага спачыну. Адны сыны...

Ён не зьмяніў хады беларускай палітыкі.

Выбух ягонай сьмерці раскідаў пісьменьнікаў па кутках неабсяжнага кабінэту старшыні Саюзу. Трэба пранесьці труну да могілак на руках, сказалі з кутка. Гэта ж так доўга, запярэчыў выдавец. Дастаеўскага праз увесь Пецярбург студэнты несьлі, горка кінуў крытык. Ды ўлада не дазволіць, падвёў рысу паэт. А ўсё ж і Быкава пранесьлі праз увесь горад.

Быкаў, чалавек зь нехарактэрнай для беларускага пісьменьніка бездакорнай рэпутацыяй, трымаўся незалежна і за саветамі, і пры Лукашэнку, поглядаў сваіх не хаваў, рэжыму не падтрымліваў, гідзіўся ім — за хамства і мэркантыльнасьць. Апошняе, магчыма, было асабліва брыдка яму — які пасталеў сярод «саракапятак» і меў унікальнае пачуцьцё сьмерці, настолькі дасканалае, што нават адчуў той момант, пасьля якога ён ужо ня здолеў бы вярнуцца і памерці на сваёй зямлі. Што яму было важна.

Уладу найбольш клапаціла, каб людзі ня сталі гаварыць, што «і Быкава атруцілі». Адсюль навязьлівыя інтэрвію з дактарамі Бараўлянаў на ўсіх тэлеканалах, адсюль гэтае: «Как сообщили в больнице, где находился писатель, ему оказывалась вся необходимая медицинская помощь, сообщает РИА «Новости». Ну і што б гэтую ўладу і гэты час лепей характарызавала, чым такая боязь.

Для расейцаў ён Василь Быков, для немцаў Wassil Bykau.Толькі для нашых «супэррускіх» ён не Васіль — Васілій. Такое адбываецца праз сапраўдную культурную інваліднасьць той часткі беларусаў, для якіх усё беларускае застаецца навечна другасным, ненавідным да невымоўнасьці ў выніку глыбокае псыхічнае траўмы, якую нанесла ім каляніяльная сацыялізацыя. Яны ненавідзяць тое, што ім уяўляецца ганебным стыгматам, і тых, хто «вінаваты» ў іхным калецтве, іхнай «недарускасьці» — беларускім акцэнце і беларускім культурным багажы; ненавідзяць нават тую мову і літаратуру, якія ім прыйшлося вывучаць у школе. Гэтае фашызоіднае пачуцьцё не спыняецца ні перад чым сьвятым і продкавым.

Быкаў раздражняў гэтую публіку сваёй маральнай непрыступнасьцю. Яны не маглі абазваць яго ні паліцаем, ні карупцыянэрам, ні адмарозкам, ні шпіёнам; калі ж абзывалі, іхныя ж словы зьвярталіся супраць іх. Ну дык урэшце яны стараліся звузіць маштаб пахаваньня, бюракратызаваць рытуал, прыменшыць страту — якую страту! Дзівосна эўрапейскага пісьменьніка, палітызаванага экзыстэнцыяліста з разьвітым грамадзянскім пачуцьцём. Два факты, якія я тут нагадаю, далёка не галоўныя ў ягонай біяграфіі, але як рэдактару «НН» мне яны дарагія: ён першы з жывых клясыкаў літаратуры рашуча аддаў перавагу незалежнаму выдавецтву «Наша Ніва» перад дзяржаўнымі; ён ганарыўся сяброўствам у вызваленчым Народным Фронце, а пасьля расколу — у абодвух БНФ-ах.

Аглядаючыся назад на Быкава — на нядаўняга Быкава, які ў апошні свой дзень нараджэньня, пасьля двух пераліваньняў крыві спаў на бараўлянскім ложку, нібы дзіця — на кулачку; які, «мякка выштурхнуты» (ягоныя словы) непрыяцелямі і прыяцелямі ў самоту і роспач эміграцыі, захоўваў яснасьць думак, шляхетнасьць эмоцый, і на даўнейшага Быкава, цкаванага камуністамі, а пасьля тымі ж камуністамі падкуплянага ордэнна і ганарарна, — мы бачым вялікі этас вялікага мудраца, які праз сваю праўдзівасьць, волю, антычныя стрыманасьць і ўменьне заставацца нязьменным, ці вакол гучаць хлусьня або праўда, ці ганьба або хвала, зрабіўся найбольшым духоўным аўтарытэтам у Беларусі. Зрабіўся ў час, калі для гэтага не было ніякіх перадумоваў, калі само слова «духоўнасьць» стала нечым накшталт двухколернай абвесткі ў трамваі пра «куплю валасоў ад 35 см і даўжэйшых».

З прыроджанага пэсыміста Быкава старанна робяць сьветача адраджэньня. Але ж даробак пісьменьніка (і нацыяналіста) Быкава — перш за ўсё каштоўны матэрыял для мастацтвазнаўцаў, псыхааналітыкаў, гісторыкаў ідэяў ды іншых земляных чарвякоў культуры. Пранікнуць у гэты матэрыял іх намаўляе не ў апошнюю чаргу безнадзейна неэфэктыўнае выкарыстаньне яго ў якасьці сьветача адраджэньня. Апісваючы рэальнасьць, зь якой большасьць з нас ніколі не сутыкнецца хоць бы ў сілу таго, што пакаленьне Быкава — і ягоная проза ў тым ліку — зрабіла войны ў Эўропе зьявамі малаімавернымі і злачыннымі, сапрафагі знойдуць і адказ, чаму гэты народны пісьменьнік Беларусі ня стаў пісьменьнікам сусьветнага маштабу. Цынічная, бязьлітасная праца дасьледчыкаў стварае культурны слой, яна і будзе найлепшым ушанаваньнем мудраца Быкава. Толькі на гэтым культурным слоі і можа ўзрасьці ягоны наступнік.

Этычны талент Быкава быў ня меншы за літаратурны (і заслугоўвае ня меншага вывучэньня). Быкаў быў бясспрэчным маральным аўтарытэтам. Па ягонай сьмерці ў краіне не засталося такога бясспрэчнага аўтарытэту, і, па-мойму, гэта надоўга. Найлепшыя зь лепшых адчулі сваю дробнасьць пад гэтай труной. Але наступнік Быкава некалі выявіцца і здужае больш за яго. Так, як Быкаў здолеў больш за Коласа ў дасьледаваньні чалавечае свабоды і адначасова — у стварэньні этыкі майстра.


Андрэй Дынько