Васiль Быкаў


  Г а л о ў н а я  
  Т в о р ы  
  А р т ы к у л ы  
  Ф о т а  



Быкаў на Свабодзе
Быкаў на Свабодзе

Давайце раiцца
газета "Новы Час", №5 (красавiк 2003)


Калi гаварыць коратка i канкрэтна, дык варта зазначыць, што перад намi, як заўжды, паўстаюць два праклятых пытаньнi: хто вiнаваты i што нам рабiць?

Зрэшты, на першае пытаньне адказ быццам бы знойдзены, i праблема, такiм чынам, напалову зьнята, засталася другая яе палова. Але ў гэтай другой сабралася столькi складанасьцяў, што яны складаюць болей за палову, - цi ня ўсе самыя праклятыя праблемы засяродзiлiся ў драконавым чэраве тае паловы.

Сапраўды, рабiць што?

Што - ня ў сэнсе пустапарожняга дыскутаваньня цi шызафрэнiчнай гiстэрыкi пустазвонаў. Не ў майстэрскай iмiтацыi чыннасьцi прафэсiйных дэмакратаў цi нямоглых на справу нацыяналiстых. А ў сэнсе практычнай прагматыкi, якая была б здольная на пэўны нацыянальны вынiк. Найперш - вынiк у галiне свабоды i незалежнасцi.

I тут узьнiкае пытаньне: а цi сумяшчальныя мiж сабой тыя пастуляты - свабода i незалежнасьць? Прынята лiчыць, што так. Толькi свабода, у тым лiку i свабода выбару, можа даць незалежнасьць, а незалежнасьць забясьпечыць свабоду. Але на практыцы мы ўбачылi, што тое - не зусiм так, што ў той формуле яўна бракуе рацыянальнага сэнсу. Бо калi б ён там быў, дык быў бы i вынiк. А ў нас вынiку - нуль.

Дык што ж нам рабiць?

Мяняць тактыку змаганьня? Але тактыка мае межы, i ўся яна, бадай, вычарпаная. Мяняць кiраўнiцтва? Але якое на якое? Цi ня здарыцца так, што на месца кепскага старога прыйдзе яшчэ горшае новае? Рэвiзаваць нашу старую нацыянальную iдэю, але ў якiх кшталтах? Можа, мяняцца самiм (калi мець на ўвазе нашу нацыянальную элiту), але як i куды? Намагацца зьмянiць мэнталiтэт электарату? Але тое цi ў нашай сiле? Калi той мэнталiтэт не зьмянiлi стагодзьдзi паднявольнага iснаваньня, цi магчыма тое за дзясятак гадоў тыранii? Кажуць, што калi нацыя ня склалася за сто год, дык яна ўжо не складзецца нiколi. Ну а калi мы самi ў гэтым сэнсе ня надта ўдалыя, тады якое маральнае права мы маем патрабаваць зьменаў ад iншых? Хоць бы i ад тае субстанцыi, якую мы глыбакадумна называем электаратам?

Скрозь пытаньнi i праблемы. А як вядома з Гегеля, найбольшая праблема ўзьнiкае зусiм не з канфлiкту правага зь няправым, а менавiта з канфлiкту правага з правым.

Ужо зразумела, што наша шаноўнае грамадзтва няздольнае разьвязаць тыя заклятыя праблемы, iх прыйдзецца разьвязаць ягонай элiце. Правай i левай. Нацыянальнай i дэмакратычнай. Радыкальнай i лiбэральнай.

З таго вынiкае найважнейшая перадумова - аб'яднаньне.

Досьвед паказаў, што мы занадта слабыя, каб дзейнiчаць паасобку, кааб доўга вагацца - выбiраць i перабiраць, з кожнага поваду круцiць носам. Тым болей самаеднiчаць, цягнуць да халоднай вайны ва ўласным стане.

Ня можам таго дазволiць сабе, бо iнакш нас хутка ня стане. Нi правых, нi левых. Нi пэсымiстых, нi аптымiстых. Нi праведнiкаў, нi вiнаватых.

Ужо вiдавочна, што сьвет iдзе зусiм не туды, куды яго скiроўваюць нашыя ўладары. Хоць бы Садам цi Лукашэнка. Цi Пуцiн. Сьвет павярнуў у напрамку Буша. Але i ў тым накiрунку месца для нас сумнiўнае. Бо мы iншыя - занадта падлеглыя i талерантныя, з надта прыкметным бракам нацыянальнага эгаiзму.

А там - панаваньне вялiкай i магутнай сiлы, якая, на жаль, не заўсёды ёсьць праўда i справядлiвасьць. Хоць у шмат якiх выпадках менавiта так. Але сьвет зьменлiвы, гiсторыя парадаксальная. Нават ужо Бог ёй не гарант. Што там можа наша зьнявераная, здушаная элiта i яе клясычны спакутаваны "цёмны крот", цяпер эфемерна званы электаратам.

Горш за ўсё тое, што час бясплённа мiнае, а нашыя праблемы - нi зь месца. Дык што ж нам рабiць? Давайце раiцца. Я вельмi жадаю ў тым посьпеху.


Васiль Быкаў
Прага, сакавiк, 2003 год