Васiль Быкаў


  Г а л о ў н а я  
  Т в о р ы  
  А р т ы к у л ы  
  Ф о т а  



Быкаў на Свабодзе
Быкаў на Свабодзе

Усенародны, беларуска-савецкі

З Васілём Быкавым адышла ў нябыт цэлая эпоха нашай культуры: ільга сказаць, што зь ягонай сьмерцю канчаткова сталася гісторыяй беларуская савецкая літаратура — прынамсі тое лепшае, што было ў ёй створана. У апошні час Быкава імкнуліся прэзэнтаваць як выключна беларускага пісьменьніка, дый сам ён шчыра імкнуўся ім быць, але наколькі гэта ў яго выходзіла — пытаньне. Гэтаксама як нябожчык Мулявін быў беларуска-савецкім, а такім чынам і “ўсенародным” музыкам, гэтак і Быкаў быў усенародным, беларуска-савецкім пісьменьнікам. У гэтым, бадай, — ягоная найбольшая трагедыя, аднолькавая з трагедыяй усіх беларусаў. Нездарма абедзьве сьмерці, Мулявіна й Быкава, здолелі культурна зьяднаць беларусаў — як “сьвядомых”, так і “саўкоў” — у адзін народ. Хтосьці ганарыцца імі за іхную беларускасьць, хтосьці — за іхную ўсесаюзную прызнанасьць, што таксама ёсьць формай (а можа, і неаддзельным складнікам) нацыянальнага гонару. Таму ўсе спробы “падзяліць Быкава”, прысвойтаць яго сабе й адабраць яго ў астатніх — камічныя й зьневажальныя для ягонай памяці: яны нагадваюць нейкі палітычны маскарад, штосьці накшталт сутычкі дзьвюх груповак футбольных хуліганаў, якім не спадабаўся нічыйны вынік матчу. Сьмерць нібыта павінна змушаць забывацца аб палітычных сварках — у нас жа, наадварот, яны толькі ўзмацніліся, што можа сьведчыць адно аб адсутнасьці нацыянальнай культуры пахаваньня. А можа, не дарасьлі мы да Быкава? Дзяржава не дарасла да разуменьня ані ягонай палітычнай пазыцыі, ані таго, што раскоша мець ворага ў асобе такога вялікага чалавека можа дорага каштаваць. Апазыцыя не дарасла да разуменьня таго, што на Быкава маюць права ўсе, а ня толькі тыя, хто стаіць пад бел-чырвона-белым ці пад чырвоным (пад якім ён, як ні круці, ваяваў) сьцягамі. Безумоўна, былі часы, калі пахаваньні пэўных “неўпадабаных” асобаў ператвараліся ў стыхійныя (!) палітычныя маніфэстацыі, але ў такіх выпадках прадстаўнікі дзяржавы не дасылалі нябожчыку вянкоў ды не хавалі яго за дзяржаўныя грошы. У выпадку з пахаваньнем Быкава стыхійнай палітычнай маніфэстацыі, нягледзячы на ўсю шырыню падрыхтоўкі да яе, дзякуй богу, ня выйшла. Было стыхійнае, палітычна неакрэсьленае й насамрэч жалобнае шэсьце, якое адвеку было сымбалем нацыі: “А хто там ідзе...” Шкада, што ў нейкі сымбаль паспрабавалі ператварыць і самога нябожчыка, што было цалкам празьмерным: сымбалем ён стаўся ўжо пры жыцьці. Пасьля сьмерці ён таксама застаецца сымбалем, знакам калі не бяды, дык паняверкі: што далей? Адчуваньне, як пасьля такога самага хаўтурнага шэсьця ў апошняй сцэне “Гамлета”: п’еса скончаная, дадаць няма чаго. Варта аддаць належнае акторам, пайсьці дамоў, яшчэ раз перачытаць тэкст, задумацца над ім і паспрабаваць яго зразумець.

Максім Шчур


ARCHE Пачатак, №4 (27) - 2003