Васiль Быкаў


  Г а л о ў н а я  
  Т в о р ы  
  А р т ы к у л ы  
  Ф о т а  



Быкаў на Свабодзе
Быкаў на Свабодзе

Тры целы беларускага караля

На харугве крывічоў папараць і васілёк. Купала і Колас, Караткевіч і Быкаў выйшлі з чатырох томікаў Яна Баршчэўскага, каб туды і вярнуцца. Пераемнікі традыцыі? Хутчэй яе пэрсаніфікаваныя архетыпы. Мы пільнуем, каб яны былі разам на фатаздымках. І справа не ў рэальным сяброўстве, не ў іх інтэлектуальным дыялёгу, а ў нашых чаканьнях, камфорце міталягічнай адпаведнасьці, казках, знаёмых зь дзяцінства. Мы ставім іх побач на імгненным фатаздымку эпохі, яны побач, Пан ды Апалён, — значыць, эпоха адбылася.

Купала і Караткевіч сышлі хутка, як мінае сьвята. Але цыкл скончыўся не на іх. Першае і другое стагодзьдзі беларускага Адраджэньня, дзе год за два, вяршылі Колас ды Быкаў. Зь сьмерцю Быкава для нас скончыліся даўгія 70-я, а разам і век. Пэўныя культуры ў сваім летазьлічэньні датрымліваюцца цыклу месяцу, а ня сонца. Беларускія ўздымы-заняпады таксама не дастасуюцца да грыгарыянскага календара. Што за стагодзьдзе за нашым акном?

Было прынамсі тры Быкавы. Першы — клясык савецкай літаратуры. Вялікі стыль, Рэалістычны канон, Духовасьць, Праўда, Народ — усё зь вялікай літары. Быкаў — адзін зь нямногіх, хто вытрымліваў без выдаткаў для творчасьці патас азначэньня “беларускі савецкі пісьменьнік”. “Літаратары” ж за іроніяй маскавалі разгубленасьць перад засьнежанымі вяршынямі школьных хрэстаматый ды лысагорскай легенды, крыўдавалі на гэтага Быкава за касмапалітызм, за русізмы і, што хаваць, нават за слова “хлопцы”, а ня “мальцы”, як прынята ў нас на Полаччыне — Вушаччыне. У пакаленьня “Фанты” былі свае рахубы да клясыка — нуда школьных урокаў, корпаньне ў “нацыянальным характары” Петрака і Сьцепаніды, а насамрэч — у комплексе самасьцьвярджэньня правінцыйнага літаратуразнаўства Беларусі.

Моцна раскручаны паводле канонаў савецкай літаратурнай іканаграфічнай традыцыі, Быкаў-савецкі-клясык меў і ідэалягічны рэвэрс — рэпутацыю гнанага, рэжучага акопную праўду-матку салдата, які калі й піў, дык “з ідэяй”.

Бальшавікі ўмелі рабіць біяграфію паэту. Што магла заходняя сыстэма вырабляць з творцаў, дык гэта штампаваць Эдзічкаў Лімонавых. Бродзкіх жа і Салжаніцыных яна экспартавала ўжо ў сфармаваным як брэнд выглядзе. Сакрэт вырабу паэтаў-прарокаў незваротна згублены.

Другая, перабудовачная, іпастась Быкава — апостал...

Час стагодзьдзі, як касой, сьцінае,
Веры, царствы, догмы йдуць да ценяў...
Ўсё мінае — Гонар не мінае,
Бо народжаны адным сумленьнем.

Калі сонца выб’ецца з туману,
Толькі іх і ўспомніць хор народаў,
Воінаў сваіх, сьвятых і зраненых,
Рыцараў сумленьня і свабоды, —

праграмаваў далейшае разгортваньне беларускай гісторыі ў адным з сваіх апошніх вершаў, прысьвечаным, дарэчы, Быкаву, Уладзімер Караткевіч. І незабавам зьяўляецца Зянон Пазьняк. Але мэсіі патрэбны прадцеча, Іван Ксьціцель, які б злучыў сваім аўтарытэтам філялягічнае пакаленьне беларускай інтэлігенцыі з Добрай весткай геапалітычнай каньюнктуры. Новае пакліканьне трансфармуе творчасьць Быкава. Няма больш хадульных “нацыянальных характараў”, ёсьць Голас, пазнавальная мабілізуючая інтанацыя тугі, якую мы ведаем з твораў Багдановіча і Гарэцкага. Гэты час быў плённы для пісьменьніка на публіцыстыку ды калектыўныя звароты.

Пасьля адкату Зянона Пазьняка за “франт’еру” мэнэджэрам ідэалягічнага капіталу Быкава робіцца Дубавец. Прынамсі, так выглядала збоку актыўнасьць з нобэлеўкай. З гэтага часу паўстае новы Быкаў, нашанівец ды экзыстэнцыяліст, выгнаньнік, канвэртабэльны аўтар эўрапейскага фармату.

Сапраўды, аповесьці Быкава глядзеліся “акуратнымі эўрапейскімі раманамі” ў кантэксьце заходняга літпрацэсу, дзе слова “раман” даўно ўжо зь літаратуразнаўчага зрабілася паліграфічным тэрмінам. Позьні Быкаў — ляканізм і мэтафорыка прыпавесьці. З гэтым Быкавам сучасныя літаратары любілі мерацца ў актуальнасьці, цешачыся, як дзеці, што і ў іх так палучаецца. Сапраўды, сярэдняму беларускаму літаратару мэтафарычнасьці не пазычаць.

Сьмерць пісьменьніка скаланула грамадзтва. Пахавальная працэсія ператварылася ў стыхійную дэманстрацыю. Нават форумы Байнэту, досыць індыфэрэнтныя звычайна да літаратурнай тэматыкі, адлюстравалі гэтую неабыякавасьць.

Скончылася эпоха. Мы ўглядаемся ў новыя групавыя здымкі беларускай эліты, але сучасьнікі пасьпелі неяк скурчыцца ў засені вялікіх імёнаў. Ці, можа, мы страцілі здатнасьць пазнаваць караля. Кароль памёр?

Сяргей Шыдлоўскі


ARCHE Пачатак, №4 (27) - 2003